Кабанава пакаралі за невыкананне рашэння суда



Суддзя суда Бярозаўскага раёна Алена Нямкова пакарала штрафам на 20 базавых велічынь або 510 рублёў блогера Аляксандра Кабанава за невыкананне рашэння Берасцейскага эканамічнага суда.

Па рашэнні суда Кабанаў павінен быў зняць з інтэрнэта відэаролік “Свінец – Берасцю пісец” і  надрукаваць прабачэнне, напісанае самім кіраўніцтвам акумулятарнага завода, які будуецца пад Берасцем. Але Кабанаў не пагадзіўся прабачацца, а зняць відэаролік з сайта таксама немагчыма, – кажа Аляксандр Кабанаў:

– Калі ў судзе заяўляюць, што любое рашэнне суда абавязковае да выканання грамадзянінам, то тады пазбаўляйце мяне грамадзянства. Вы прыдумалі нейкае трызненне і ўсе павінны паслухмяна яго выконваць. Выконваць ваша трызненне вар’яцкае я не збіраюся.

Прысутныя на судзе абураны рашэннем суда. Яны лічаць, што суддзі не ў стане падумаць нават пра сваё здароўе і здароўе сваіх дзяцей, калі сваімі рашэннямі апраўдваюць экалагічна небяспечныя прадпрыемствы:

– Чарговы раз паказваюць, як у нас улада і чыноўнкі не любяць праўду, яны баяцца гэтай праўды.

– Яны проста выконваюць тое, што ім загадана. Шкодная вытворчасць датычыць усіх, у тым ліку і чыноўнікаў.

Эканамічны суд Берасця палічыў, што блогер Кабанаў сваім відэа падарваў рэпутацыю завода. Хутка год як берасцейцы праводзяць акцыі ў цэнтры горада супраць небяспечнага прадпрыемства, якое ўжо нанесла вялікую шкоду ў Зялёным Бары пад Івацэвічамі, Белаазёрску і Пінску, а ля Ваўкасвыску было закрыта.

Беларускае Радыё Рацыя