Качанава абяцае 700 долараў сярэдняй зарплаты ў Менску да канца года



Перад кіраўніцтвам Менска пастаўлена задача дасягнуць у снежні сярэдняй зарплаты ў 1.385 рублёў (каля 700 долараў па цяперашнім курсе). Пра гэта заявіла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава на аператыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме.

«Трэба не толькі выйсці ў снежні на гэты параметр, але і ўтрымаць яго» — адзначыла кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі.

Каментуе незалежны эканаміст Міхась Залескі:

Давесці заробак да нейкага ўзроўню. Абсурдна з навуковага гледзішча. Гэта спрацоўвае. Ёсць значна частка людзей, якая зацікаўлена ў той форме стабільнасці рэжыму, каторая забяспечвае ім іхную сацыяльную пазіцыю. У першую чаргу гэта сярэдні і вышэйшы слой чынавенства, а ў другую чаргу гэта ўсе так званыя сілавікі. Павышацца гэтая сярэдняя зарплата будзе за іхны кошт. Не тое, што ў іх адбяруць нешта, а ім дададуць і заробак стане такі, як трэба.

Паводле звестак Белстата, у чэрвені сярэдняя намінальная налічаная зарплата па краіне склала 819,3 рубля. Сярод рэгіёнаў найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата ў чэрвені традыцыйна была зафіксавана ў Менску — 1.089 рублёў (каля 560 долараў па цяперашнім курсе).

Беларускае Радыё Рацыя