Кадэты з “Пагоняй” адлічаныя?
Грамадскі актывіст Мікіта Броўка са спасылкай на «надзейныя крыніцы» сцвярджае, што 16-гадовыя кадэты з вучэльні пад Баранавічамі, якія сфатаграфаваліся ў майках з выявай «Пагоні», адлічаныя з установы ўсім «квартэтам».
Як сцвярджае актывіст, страціў сваю пасаду і дырэктар вучэльні Аляксандр Калько. Тэлефон дырэктара не адказваў учора ў другой палове дня, хоць яшчэ раніцай ён каротка пагутарыў з карэспандэнтам Радыё Свабода. Маладыя людзі таксама недасяжныя ні праз тэлефонную сувязь, ні ў інтэрнэце. «Верагодна, іх запужалі, каб інфармацыя не пайшла ў СМІ», — не выключае Мікіта Броўка.
* * *
Адзін з навучэнцаў Ястрамбельскай школы-інтэрната расказаў „Салідарнасці” пра тое, чым скончылася фотасесія кадэтаў у майках з „Пагоняй”.
16 кастрычніка адзін з навучэнцаў Ястрамбельскай школы-інтэрната выклаў у суполцы „Мая краіна Беларусь” Вконтакте фота чатырох кадэтаў 3 курса, якія прадэманстравалі майкі з „Пагоняй”.
Здымак разляцеўся па сацыяльных сетках і трапіў у СМІ.
Карэспандэнт „Салідарнасці” звязаўся з адным з удзельнікаў фатаграфання. Па яго словах, учынак кадэтаў займеў наступствы: навучэнца, які апублікаваў фота, ужо адлічылі. Астатніх рыхтуюцца адлічыць. Кадэт расказаў, што аднакласнікі «стаяць за іх да апошняга”.
– Асабіста для мяне „Пагоня” – наша гісторыя. Мы павінны любіць нашу гісторыю і герб, – патлумачыў навучэнец.
Праверыць інфармацыю пра адлічэнне навучэнцаў у адміністрацыі навучальнай установы пакуль не атрымалася: тэлефоны дырэктара і яго намеснікаў не адказваюць.