Каго лічыць палітвязнем?
Не спыняецца спрэчка паміж праваабаронцамі і палітыкамі каго лічыць палітвязнем, а каго не. Гэтаму пытанню будзе прысвечаны чарговы круглы стол, які адбудзецца ў Менску, —кажа адзін з лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец:
— Круглы стол «Свабоду палітвязням» прысвечаны тэме палітвязняў. Ёсць больш 10 чалавек, адносна якіх вядзецца дыскусія: палітвязні яны ці не, ці відавочны там палітычны складнік у рэпрэсіях супраць іх. 16 жніўня а 18-й гадзіне, вуліца Чарнышэўскага, 3.
Падчас круглага стала будзе таксама абмяркоўвацца пытанне, якім чынам можна дапамагчы палітвязням, як праводзіць кампаніі салідарнасці. Тым часам былыя палітвязні заклікаюць пісаць лісты 39-гадоваму Уладзіміру Кондрусю, які ўтрымліваецца ў менскім СІЗА на Валадарскага і абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі ўжо даслаў Уладзіміру Кондрусю паштоўку і заклікае ўсіх выказаць новаму палітвязню словы падтрымкі.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя