Каго могуць амніставаць у 2019 годзе?



Беларускі партал Tut.by сцвярджае, што атрымаў праект закона «Аб амністыі», якую маюць правесці ў 2019 годзе. Пакуль праект праходзіць узгадненні і не прыняты канчаткова.  Паводле праекта закона “Аб амністыі”, могуць цалкам вызваліць ад крымінальнай адказнасці, а таксама спыніць папярэднія расследаванні, між іншым, у дачыненьні да: непаўналетніх; цяжарных; жанчын і адзінокіх мужчын з дзецьмі да 18 гадоў; пенсіянераў; інвалідаў I і II групы; людзей, якія ўчынілі злачынствы без вялікай грамадскай небяспекі і менш цяжкія злачынствы.

Асуджаным паводле «наркатычнага» артыкула могуць скараціць тэрмін на 1 год. Непаўналетнім могуць скараціць тэрмін пакарання на 2 гады.

Амністыя, паводле крыніц Tut.by, не будзе тычыцца тых, хто асуджаны за забойства і бандытызм, вядзенне вайны і акт тэрарызму, згвалтаванне і педафілію, дарожнае здарэнне ў нецвярозым стане, карупцыю і злоўжыванне ўладай ды іншае.

Апошні раз амністыя праводзілася 4 гады таму. Цяпер яна мае быць прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення БССР ад нацыстаў. Пад амністыю могуць трапіць каля 10–12 тысяч чалавек.

Tut.by