Каго можна лічыць „дармаедам”?



Лукашэнка загадаў дапрацаваць свой дэкрэт пра стымуляванне занятасці насельніцтва. Пасля яго ўвядзення шэраг катэгорый грамадзянаў, якія не плацяць падаткі, і якіх налічваецца каля паўмільёна, патрапяць пад дзеянне гэтага закону. Каментуе старшыня Свабоднага прафсаюзу па Берасцейскай вобласці Валянцін Лазарэнкаў:

– Палова законаў, якія існуюць у Беларусі, створаныя з нейкіх уяўленняў чыноўнікаў пра нашае жыццё. Таму яны і не працуюць. У нас ужо былі і дэкрэты, і законы, якія працавалі месяц-два. Спачатку практыка, досвед і пад іх ужо мусіць прапісвацца дэкрэт у рамках закона.

На думку адмыслоўцаў, пад дзеянне закону могуць трапіць як самі беспрацоўныя, так і фрылансеры, хатнія гаспадыні, прадстаўнікі ценявога бізнесу ды шэраг іншых. У тым ліку тыя, хто атрымлівае заробкі ў “канвертах”. Асобам жа, якія працуюць за мяжой, гэта не пагражае – тлумачыць былы міністр працы Аляксандр Сасноў:

– Ёсць такі панятак – падаткаплацельшчык. Дык вось, падаткаплацельшчыкамі па заканадаўстве з’яўляюцца толькі тыя, хто жыве ў краіне больш за палову года. Калі чалавек жыве ў іншай краіне, то ў Беларусі ён не з’яўляецца падаткаплацельшчыкам, нават калі ён – грамадзянін Беларусі.

У сваю чаргу сілавікі Беларусі выступілі з ініцыятывай ўвесці неабходныя папраўкі ў адміністрацыйны кодэкс, каб прыцягваць грамадзян да адказнасці за гэтак званае “дармаедства”.

Мікола Ляшкевіч, Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mage.zn.ua