Каго страціла Беларусь у 2018 годзе



У канцы адыходнага года Беларускае Радыё Рацыя па традыцыі пастаралася прыгадаць тых, хто сёлета адышоў у іншы свет. Людзей, якія пакінулі добрую памяць і светлы след па сабе, тых, хто нямала зрабіў для Бацькаўшчыны і шчыра любіў Беларусь.

3 студзеня ў Скідалі памёр Рыгор Фарманян, удзельнік беларускага грамадскага руху, краязнавец. У Гародні быў сябрам партыі БНФ.

22 студзеня ў Менску памёр Васіль Якавенка, беларускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч.

24 студзеня ў Менску памёр Міхал Анемпадыстаў, беларускі дызайнер, графік, фатограф, паэт, перакладчык і публіцыст. Быў адным з стваральнікаў беларускай рок-паэзіі 1990-ых. Аўтар ідэі і тэкстаў культавага музычнага праекту “Народны альбом”.

24 студзеня ў Баранавічах памёр Валер Шыла, беларускі саксафаніст, грамадскі актывіст.

1 лютага ў Германіі на 108-ым годзе жыцця памёр Барыс Кіт, беларускі навуковец (матэматык, хімік, фізік), дзеяч эміграцыі ў ЗША і Нямеччыне. Вядомы канструктар амерыканскай ракетнай тэхнікі. Фундатар многіх эміграцыйных беларускіх выданняў.

7 лютага памёр Генадзь Гарбук, беларускі артыст тэатру і кіно. Больш 60 гадоў працаваў на сцэне, з іх 56 гадоў у Купалаўскім тэатры.

8 лютага – У Свіслачы памёр Генадзь Радзецкі, беларускі грамадскі актывіст, настаўнік.

2 сакавіка ў Менску памёр Георгі Штыхаў, беларускі археолаг і гісторык.

3 сакавіка – Памерла Валянціна Лемцюгова, беларуская мовазнаўца, доктар філалагічных навук, укладальніца беларускіх слоўнікаў.

У канцы красавіка ў вёсцы Галавачы непадалёк Скідаля памёр Андрэй Юшкевіч, беларускі краязнавец, педагог, сябра ТБМ, пчаляр.

28 траўня ў Менску памёр Арсень Ліс, беларускі літаратуразнавец, фалькларыст, культуролаг. Пахаваны на радзіме ў Залесьсі (Смаргонскі раён).

6 чэрвеня ў Менску памёр Эдуард Зарыцкі, беларускі кампазітар. Аўтар больш 600 песень. Напісаў музыку да больш як 30 спектакляў і фільмаў.

8 чэрвеня ў Менску памёр Міхась Мушынскі, беларускі літаратуразнавец, крытык.

26 чэрвеня ў Івацэвіцкім раёне памёр Алесь Зайка, беларускі краязнавец, педагог, збіральнік народнай лексікі.

17 ліпеня памёр Кірыла Насаеў, беларускі хормайстар, педагог, кіраўнік хору “Унія”.

3 жніўня ў Менску памёр Аляксандр Кулінковіч, беларускі рок-музыка, кіраўнік гурта “Нэйра-дзюбель”.

14 жніўня ў Менску памёр Мікалай Кірычэнка, беларускі артыст тэатра і кіно.

15 жніўня ў Вільні на 91-ым годзе жыцця памёр Хведар Нюнька, беларускі грамадска-культурніцкі дзеяч, з 1989 г. старшыня Таварыства Беларускай Культуры Летувы, сябра прэзідыуму Рады БНР. Пахаваны на праваслаўных віленскіх Спаса-Ефрасінеўскіх могілках.

23 жніўня ў Менску памёр Алесь Ліпай, беларускі журналіст і паэт, удзельнік нефармальнага беларускага руху ў 1980-ыя. Стваральнік і генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.

22 верасня ў Менску памёр Анатоль Капскі, старшыня праўлення барысаўскага футбольнага клубу БАТЭ.

15 верасня ў Кобрыні памерла Ніна Марчук, беларуская краязнаўца.

22 кастрычніка ў Менску памёр Фёдар Клімчук, беларускі навуковец, спецыяліст па гісторыі і дыялекталогіі Палесся.

9 лістапада ў Беластоку пасля цяжкага інфаркту памёр Уладзіслаў Ахроменка, беларускі пісьменнік, журналіст, драматург, кінасцэнарыст. Апошнія гады актыўна і цесна супрацаваў з нашым радыё.  9 лістапада ў Пінску памёр Анатоль Шушко, беларускі паэт.

12 лістапада ў Менску памёр Ігар Лучанок, беларускі кампазітар, класік айчыннай музычнай культуры. Стваральнік соцень разнастайных музычных твораў.

22 лістапада на Падляшшы памёр архімандрыт Гаўрыіл (свецкае імя Юры Гіба), праваслаўны царкоўны руплівец, заснавальнік скіта Святых Антонія і Феадосія Пячэрскіх у Адрынках.

20 снежня памёр Кім Цесакоў, беларускі кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. 

Светлая памяць…

Беларускае Радыё Рацыя