Кахно і Дудзінскаму прысудзілі па 10 сутак арышту
Шоумену і тэлевядучаму Дзмітрыю Кахно прысудзілі 10 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, паведамляе праваабарончы сайт „Вясна”.
Рашэнне вынес суд Першамайскага раёна Менска, разгледзеўшы 3 верасня справу Кахно на падставе ч. 1 арт. 23.34 КоАП.
Паводле слоў журналістаў, якія прысутнічалі на судзе, цяжарная жонка Кахно даведалася пра тое, што яго справа паступіла ў суд, за паўгадзіны да прызначанага часу.
Дзмітрый у зале не прысутнічаў, справа разглядалася па відэасувязі.
Раней у гэтым жа судзе 10 сутак арышту прызначылі тэлевядучаму і шоумену Дзянісу Дудзінскаму.
Дудзінскі і Кахно былі затрыманыя напярэдадні вечарам у Менску. Гэта пацвердзіла жонка Дудзінскага Кацярына Раецкая на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
Напярэдадні фестывалю „Славянскі базар у Віцебску” гэтым летам вядучыя конкурсу маладых выканаўцаў Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая былі адхіленыя ад працы на фестывалі з-за выказванняў Дудзінскага ў сацыяльных сетках, у прыватнасці пра затрыманні каля крамы нацыянальнай сімволікі Symbal.by у Мінску.
Раніцай 3 верасня ў сацсетках з’явіўся відэазапіс затрымання Кахно, на якім відаць, як тэлевядучага ад яго аўтамабіля забіраюць узброеныя сілавікі.
Дзмітрый Кахно быў вядучым праграмы на тэлеканале ОНТ. У чэрвені ён таксама раскрытыкаваў затрыманні людзей, якія чакалі сваёй чаргі ў Symbal.by. Пасля гэтага яго адхілілі ад эфіру.
У жніўні Кахно звярнуўся з адкрытым лістом да калегаў, якія працуюць на беларускім дзяржаўным тэлебачанні. „Калі ты яшчэ працуеш на ТБ у Беларусі і калі ты, як і кожны з нас, ужо некалькі месяцаў не можаш нармальна жыць і спаць па начах. Калі цябе мучыць сумленне і калі ты не ведаеш, як зрабіць? Ведай, я цябе разумею! Ведай, людзі ў краіне скажуць табе дзякуй! Я і ўсе мы чакаем цябе. Тут добра. Тут лепш. Тут шчыра! Тут ніхто не прымусіць цябе хлусіць. Калі ты рэдактар ці відэаінжынер, калі ты аператар або вядучы — не бойся”, — напісаў тэлевядучы.
belapan.by