Калегі Віталя Шышова ўпэўненыя, што ён загінуў у выніку аперацыі спецслужбаў (абноўлена)



У адным з кіеўскіх паркаў знайшлі павешаным беларуса Віталя Шышова, які ўзначальваў “Беларускі Дом ва Украіне”.

У Віталя быў зламаны нос. Ён не вярнуўся з ранішняй прабежкі 2 жніўня раніцай.  Сустаршыня руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая не падвяргае сумневу, што гэта забойства. Гэта почырк спецслужб Беларусі, кажа Алена, якая ведала Шышова асабіста:

– Ну, гэта адназначна забойства. Ніякіх падставаў лічыць гэта самазабойствам абсалютна няма. Яго род заняткаў – гэта ІТ-сфера. Ён быў даволі спакойным чалавекам.

Паводле кіраўніка Дому правоў чалавека ў Чарнігаве Сяргея Бурава, гэтае забойства скіравана на запалохванне тых беларусаў, што знайшлі прытулак ва Украіне:

– Мы лічым, што зараз улады Украіны мусяць правесці хуткае і эфектыўнае расследаванне. Мы чакаем адпаведных дзеянняў ад дзяржавы.  

Акцыя памяці Віталя Шышова пройдзе ў 19 гадзін ля амбасады Беларусі ў Кіеве. У Варшаве ў 16 гадзін адбылася акцыя памяці Шышова ля амабасады Украіны.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: УКРІНФАРМ

* * * 

Беларус Віталь Шышоў, дырэктар Беларускага дома ва Украіне, знойдзены павешаным у адным з кіеўскіх паркаў, недалёка ад месца яго жыхарства, паведамляе сайт сталічнага ўпраўлення ўкраінскай Нацыянальнай паліцыі.

Шышоў знік 2 жніўня. Ён не вярнуўся з ранішняй прабежкі.

Паводле інфармацыі паліцыі, мабільны тэлефон і асабістыя рэчы знойдзеныя на месцы здарэння.

Паліцыя пачала расследаванне згодна з артыкулам 115 Крымінальнага кодэкса Украіны (наўмыснае забойства). Як паведамляе прэс-служба, плануецца праверыць усе версіі, у тым ліку забойства, замаскаванага пад суіцыд.

„Поўная карціна падзей будзе адноўленая пасля допыту сведак, аналізу відэазапісаў з камер сістэмы „Бяспечны горад”, правядзення экспертыз і следчых эксперыментаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паліцыя Кіева звярнулася з просьбай да ўсіх, хто ведаў Віталя Шышова, падаць інфармацыю аб апошнім тыдні яго жыцця, яго псіхаэмацыйным стане, магчымых пагрозах яму.

Віталь Шышоў стаяў ля вытокаў стварэння Беларускага дома ва Украіне (БДУ), гаворыцца ў заяве гэтай грамадскай арганізацыі ў тэлеграм-канале БДУ.

„Пераехаць ва Украіну Віталь быў вымушаны восенню 2020, пасля выхаду на гомельскія пратэсты ў жніўні і далейшага актыўнага супрацьстаяння ўзурпатарам улады ў Беларусі. У БДУ ён браўся абсалютна за ўсе сферы дзейнасці: дапамога рэлакантам, правядзенне акцый супраць рэжыму Лукашэнкі, звароты ў дзяржорганы для прасоўвання законапраектаў, якія дапамагаюць нашым суайчыннікам, фармавання дыяспары ва Украіне”, — адзначаюць калегі Шышова.

Паводле іх слоў, „за Віталікам вялося сачэнне”. „Аб фактах былі адпаведныя паведамленні паліцыі. Таксама нас неаднаразова папярэджвалі як мясцовыя крыніцы, так і свае людзі ў РБ аб разнастайных правакацыях аж да выкрадання і ліквідацыі, — гаворыцца ў заяве. — Віталь стаічна і з гумарам ставіўся да гэтых папярэджанняў, заяўляючы, што хоць так, магчыма, БДУ выйдзе з інфавакууму”.

„Няма сумневаў, што гэта спланаваная чэкістамі аперацыя ліквідацыі сапраўды небяспечнага рэжыму беларуса, — заяўляюць прадстаўнікі БДУ. — Будзем працягваць дамагацца праўды ў гібелі Віталя!”

belapan.by