Калегія адвакатаў зацвердзіла рашэнне дысцыплінарнай камісіі аб выключэнні Дзмітрыя Лаеўскага



Менская гарадская калегія адвакатаў (МГКА) 9 ліпеня зацвердзіла прынятае напярэдадні рашэнне дысцыплінарнай камісіі аб выключэнні Дзмітрыя Лаеўскага, які абараняў экс-банкіра, былога прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыку.

2 ліпеня савет МГКА распачаў у дачыненні да юрыста дысцыплінарную вытворчасць. „У судовых спрэчках у абарону Віктара Бабарыкі я абгрунтаваў адсутнасць прыкмет злачынства („атрыманне хабару”) у дзеяннях іншых абвінавачаных, выказаў нязгоду з іх пазіцыяй і заявіў аб неабходнасці іх апраўдання. Пра гэта ж гаварыў у сваіх паказаннях мой падабаронны, чыю пазіцыю я як абаронца падтрымліваў і адстойваў. Рабіў гэта добрасумленна і прынцыпова. Аспрэчваць пазіцыю іншых удзельнікаў працэсу, асабліва калі яна выкарыстоўваецца для абвінавачання майго падабароннага, ні закон, ні правілы прафэтыкі не забараняюць. Ставіць пытанне аб апраўданні тых, чыя згода з абвінавачаннем выкарыстоўваецца для пераследу майго падабароннага, ні закон, ні правілы прафэтыкі не забараняюць”, — напісаў тады Лаеўскі ў сацсетках.

8 красавіка калегія абвясціла Лаеўскаму вымову за пост у „Фэйсбуку”, у якім абаронца выказаў нязгоду з праектам зменаў у заканадаўства аб адвакатуры. 24 мая дысцыплінарная камісія Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў не задаволіла скаргу Лаеўскага на рашэнне гарадской калегіі.

Маці адваката Алена Лаеўская, якая 22 гады прапрацавала ў Белдзяржуніверсітэце, вымушана была пакінуць ВНУ з-за непрацягу кантракта. 27 мая суд Маскоўскага раёна Менска не задаволіў іск Лаеўскай да БДУ.

БелаПАН