Калектыўнага імунітэту няма. І да стварэння вакцыны ад COVID-19 не будзе?
Рост колькасці перахварэлых каронавірусам не спыніць пандэмію. У Нямеччыне і Паўднёвай Карэі пасля найноўшых даследаванняў на антыцелы пахавалі папулярную канцэпцыю барацьбы з SARS-CoV-2, паведамляе dw.com.
„Канцэпцыю калектыўнага імунітэту можна лічыць правальнай”. „Выпрацаваць у грамадстве папуляцыйны імунітэт дэ-факта немагчыма”. Гэтыя амаль ідэнтычныя заявы прагучалі з вуснаў палітыкаў адначасова ў Германіі і Паўднёвай Карэі. Катэгарычнасць выказванняў сведчыць аб тым, што ў дзвюх краінах, якія да гэтага часу больш паспяхова за многіх іншых змагаліся з каронавірусам, адбылася істотная пераацэнка метадаў барацьбы з пандэміяй і шанцаў на поспех.
Навукоўцы лонданскага King’s College, якія з сакавіка па чэрвень назіралі за больш чым 90 пацыентамі, усталявалі, што канцэнтрацыя антыцелаў у крыві інфіцыраваных дасягала максімуму праз тры тыдні пасля з’яўлення першых сімптомаў захворвання, а затым хутка, нават імкліва падала. На піку захворвання каля 60 адсоткаў дэманстравалі моцны імунны адказ, праз тры месяцы яго выявілі толькі ў 17 адсоткаў.
Менавіта гэта даследаванне заахвоціла нямецкага палітыка Карла Лаутэрбаха (Karl Lauterbach) абвясціць 13 ліпеня ў Twitter фактычны крах канцэпцыі калектыўнага імунітэту.
Калі ў Германіі канцэпцыю калектыўнага імунітэту пакуль публічна пахаваў хай і вельмі аўтарытэтны, але ўсё ж асобны палітык, то ў Паўднёвай Карэі, дзе ўжо не раз фіксавалі паўторныя заражэнні, гэта зрабілі на афіцыйным урадавым роўні. Міністр аховы здароўя Пак Нын Ху, згодна з паведамленнем медыякампаніі KBC, абвясціў, што выпрацаваць у паўднёвакарэйскім грамадстве папуляцыйны імунітэт дэ-факта немагчыма. Ён спаслаўся на даследаванне, у якім удзельнічалі 3 055 жыхароў краіны, а антыцелы навукоўцы выявілі толькі ў аднаго. Міністр зрабіў з гэтага выснову, што разлічваць на з’яўленне калектыўнага імунітэту пры выпрацоўцы стратэгіі барацьбы з каронавірусам бессэнсоўна. Замест гэтага варта настроіцца на тое, што пандэмія COVID-19 працягнецца яшчэ год – два, да стварэння эфектыўнай вакцыны.
Карл Лаутэрбах таксама чакае з’яўлення эфектыўнай вакцыны, але дапускае, што яе дзеянне акажацца недаўгавечным. У такім выпадку, мяркуе ён, прыйдзецца рэгулярна рабіць прышчэпкі.