Калеснікава патрабуе ад СК распачаць крымінальную справу



Адвакат члена прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Марыі Калеснікавай Людміла Казак раніцай 10 верасня перадала ў Следчы камітэт заяву сваёй падабароннай аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў КДБ і галоўнага ўпраўлення МУС па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, паведамляе прэс-служба штаба Віктара Бабарыкі.

У заяве на імя старшыні СК Івана Наскевіча Калеснікава „падрабязна выклала храналогію падзей 7 і 8 верасня і ўсё, што з ёй адбывалася ў гэты прамежак часу: выкраданне невядомымі людзьмі, псіхалагічны націск, пагрозы пазбаўлення жыцця, спроба сілай выправадзіць за межы Беларусі”.

Член прэзідыума КР назвала „канкрэтныя імёны і пасады людзей, якія рабілі на яе псіхалагічны націск у ГУБАЗіК і КДБ”. Яна патрабуе распачаць крымінальную справу ў дачыненні да гэтых асоб па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных арт. 182 (выкраданне чалавека), арт. 183 (незаконнае пазбаўленне волі) і арт. 186 (пагроза забойствам) Крымінальнага кодэкса. Калеснікава адзначыла, што можа апазнаць усіх асоб, пералічаных у заяве, і гатова даць падрабязныя паказанні.

„Названымі асобамі ў дачыненні да мяне выказваліся пагрозы пазбавіць мяне жыцця, якія ўспрымаліся мною рэальна, — падкрэсліла ў заяве член прэзідыума КР. — У прыватнасці, заяўлялася, што ў выпадку, калі я добраахвотна не пакіну тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, мяне ўсё роўна вывезуць: жывой або па частках. Выказваліся і пагрозы пазбавіць мяне волі на тэрмін да 25 гадоў, зладзіць мне праблемы ў месцах утрымання пад вартай, у месцах пазбаўлення волі, што я таксама ўспрымала як рэальныя. У сувязі з тым, што патрабаванай згоды ад мяне атрымана не было, мяне адводзілі ў камеру, дзе я змяшчалася каля гадзіны”.

„Падчас майго незаконнага ўтрымання ў ГУБАЗіК, КДБ, выкарыстоўваючы любую магчымасць, я заяўляла супрацоўнікам, якія праходзілі міма, пра тое, што мяне выкралі, патрабавала паведаміць пра месца свайго знаходжання адвакату і бацьку. Пасля таго як супрацоўнікі КДБ усвядомілі, што добраахвотна з Беларусі я не паеду, мне надзелі на галаву мяшок, заштурхалі ў мікрааўтобус і вывезлі на беларуска-ўкраінскую мяжу (памежны пераход „Аляксандраўка”), дзе з ужываннем сілы, супраць маёй волі спрабавалі выдварыць мяне з Рэспублікі Беларусь”, — адзначыла яна.

У заяве Калеснікава таксама паказала: пасля таго як яна парвала свой пашпарт, каб выключыць выезд на тэрыторыю Украіны, яе даставілі ў часць Мазырскага пагранічнага атрада, дзе яна знаходзілася да вечара 8 верасня.

Член прэзідыума КР і каардынатар штаба Бабарыкі Марыя Калеснікава была выкрадзеная раніцай 7 верасня ў цэнтры Мінска невядомымі ў масках. Праз некалькі гадзін знікла сувязь з прэс-сакратаром КР Антонам Раднянковым і выканаўчым сакратаром рады Іванам Краўцовым. На наступны дзень стала вядома, што ўсіх траіх сілком вывезлі ва Украіну, аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося, бо на мяжы яна парвала свой пашпарт.

9 верасня стала вядома, што Калеснікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску ў статусе падазраванай па справе паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).

belapan.by

Фота nn.by