Калі б у мяне былі вялікія грошы, я б арганізаваў спецыяльныя туры “Залессе-Фларэнцыя”…
Сёння ў музеі-сядзібе М. К. Агінскага ў Залессі на Смаргоншчыне віруе свецкае жыццё: ладзяцца фэсты, квэсты, а 25 верасня – на дзень народзінаў палітыка і кампазітара – традыйна з’яўляецца маэстра Фінберг са сваёй дырыжорскай палачкай.
Тым часам адышоў у цень чалавек, які першым нагадаў многім пра імя Агінскага ў пачатку 1990-х гадоў і прышчапіў мясцовым жыхарам і гасцям “Паўночных Афінаў” звычку святкаваць дзень народзінаў Міхала сяброўскай грамадой – Сяргей Верамейчык.
БРР: Як так сталася, што дзіцячая тэатральна-музычная студыя “Альтанка” з Залесся паехала вандраваць па Італіі ды іншых краінах?
Сяргей Верамейчык: Прыехаўшы ў Залессе ў 1989 годзе, я яшчэ нічога не ведаў пра М. К. Агінскага, але мне ў рукі трапіла кніга Адама Мальдзіса “Падарожжа ў XIX стагоддзе”. І там я ўбачыў трохкутнік “Гузаў-Залессе-Фларэнцыя”. Дзяцінства, сталасць і смерць кампазітара… І я падумаў, што варта звазіць залескіх дзяцей па гэтым маршруце. Тады быў фонд Сораса, калега-рэстаўратар сказаў, што ён прыехаў з Італіі з яе меладычнасцю, а ў нас у эфіры – суцэльная папса… Між тым, у мяне добрыя песні… Маўляў, трэба варушыцца. І я напісаў праект стварэння гульні ў оперу “Вечар у Паўночных Афінах, ці Сон Антонькі”. Музычны спектакль пра жыццё Агінскага на грунце народнага беларускага тэатра Батлейка.
Удалося атрымаць трэвэл-грант на падарожжа – і мы з дзецьмі паехалі ў Гузаў, дзе нарадзіўся Міхал Клеафас. Усе нашы вандроўкі былі своеасаблівай рэпетыцыяй. Прэм’ера оперы адбылася ў 1996 годзе. Пра нас знялі фільм, была перадача на ТБ “Як ствараецца музыка” – і гэта ўсё ўбачыла мая сяброўка па дзяцінстве Марына Высоцкая, якая працавала перакладчыцай і вазіла дзяцей у Італію па чарнобыльскай праграме. Пра ўсё гэта яна расказала кіраўніцы італьянскага фонда Расане Берыні.
БРР: І так “Альтанка” трапіла ў Італію?
Сяргей Верамейчык: Расана Берыні прыехала ў Беларусь у пошуках гурта, які мог бы распавесці штосьці пра Беларусь (дзеці з гомельскіх вёсак мала што ведалі гэта…) і ўзяла нас. Паездка ў Італію стала такой сабе выязной рэпетыцыяй. Мы далі 15 канцэртаў і канцэрцікаў у горадзе Сенегалія. Наведалі Фларэнцыю. І вось там, на прыступках сабора Санта-Крочэ, у якім пахаваны Агінскі, я вырашыў, што прайшоў усімі шляхамі Агінскага… Але мне нагадалі пра Стамбул і Лондан.
БРР: Не паспелі?
Сяргей Верамейчык: Пакуль не… Усяго было чатыры склады “Альтанкі”. Першы мы заснавалі з Ксеніяй Мейсак – маладой настаўніцай музыкі з Залескай школы. Без яе ў мяне б нічога не атрымалася. Тады я прыдумаў дзіцячую оперу “Цар Ірад”. Па аўтэнтычным батлеечным тэкстам, але пад гітару, з дамешкамі року. І тут прыехала Расана Берыні… А чацвёрты склад “Альтанкі” – ініцыятыва вучаніц другога класа, якія хацелі навучыцца граць на флейтах і, пэўна ж, з’ездзіць у Італію. З гэтымі чатырма дзяўчаткамі мы запісалі дыск “Гукі Залесся”, які я з дапамогай сяброў і фундатараў змог выдаць у 2010 годзе. Чацвёрты склад меўся паехаць у Італію, мы мелі запрашэнне і набытыя квіткі, але не склалася! І я адвёз дзяцей да Балтыкі – праект па лініі Агінскага, які адбыўся пры дапамозе Вітаса Руткаўскаса, дырэктара музея гісторыі і культуры Агiнскiх у Рэтавасе. Дзеці самі пачалі складаць мелодыі для флейты – гэта бало галоўнае.
БРР: На гэтым заканчваецца гісторыя “Альтанкі”?
Сяргей Верамейчык: Так, дзяўчаты пайшлі ў старэйшыя класы, мне не далі магчымасці надалей працаваць у школе… І ў музеі прыйшлося заяву на звальненне напісаць. У “новы” музей не пазвалі – езджу туды на ровары, як вандроўнік.
БРР: Так архітэктар роду Агінскіх стаў архітэктарам роду Сапегаў і Радзівілаў?
Сяргей Верамейчык: На шчасце, я не быў архітэктарам адноўленага палаца Агінскіх і не нясу адказнасці за тыя “простаўрацыі”, што тут адбыліся. У Гальшанскі замак мяне пазвалі займацца рэканструкцыяй, а ў Нясвіжы папросту была прапанова зрабіць канцэпцыю музея горада ў Ратушы. І паралельны праект – “Салодкая Батлейка”. Дзіцячая кавярня, куды я прапанаваў зрабіць лялек, – гістарычных асобаў, звязаных з Нясвіжам: Бернардоні, Будны, Радзівілы… І паэт Байо са Стакгольма, які выкладаў у езуіцкім калегіуме.
БРР: Госці працягваюць прыязджаць у Залессе і да Агінскага, і да вас… Якая з апошніх нефармальных экскурсій запомнілася найбольш?
Сяргей Верамейчык: Калісьці я праводзіў па пяць экскурсій на дзень і, каб не ашалець, пачаў эксперыментаваць – пачынаў расповед з канца ці з сярэдзіны… Найбольш запомніліся кітайцы, якім я распавядаў штосьці з гісторыі ВКЛ (ужо ля Крэўскага замка!), а яны ўбачылі бусла і пабеглі яго фатаграфаваць.
БРР: Жыхарам Залесся варта болей вандраваць?
Сяргей Верамейчык: Некарэктнае пытанне… Ці варта дыхаць гэтым паветрам ці варта змяніць штосьці? Калі б у мяне былі вялікія грошы, я б арганізаваў спецыяльныя туры “Залессе-Фларэнцыя”, “Залессе-Гузаў”, “Залессе-Рэтавас” і за свой кошт вазіў бы залескіх жыхароў па свеце. Калі чалавек не ведае, што ёсць нешта цудоўнае і цікавае, то гэта не яго віна, а віна таго сацыяльна-палітычнага краявіду, які не дае такой магчымасці… Зрэшты, апошнім часам многае змяняецца дзякуючы таму ж інтэрнэту.
Сяргей Верамейчык. Мастак, архітэктар, рэстаўратар, музыка і педагог. Аўтар кніжкі “М. К. Агінскі…” (выдавецтва “Кавалер”, Менск, 2003, пераклад на літоўскую мову – 2008 г.) Пры падтрымцы сяброў выдаў два аўтарскія дыскі – “Зацірка з Залесся. Спевы для дзяцей” (2003 г.) і “Гукі Залесся” (2010 г.)
Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі