Калі б заўтра пачалася расейская акупацыя?



У гадавіну Варшаўскага паўстання журналіст Міхась Янчук у сваім Фэйсбуку прымерыў падзеі 1944 года на беларускую рэчаіснасць: „Калі б заўтра ў Менску сапраўды памёр Лукашэнка – і пачалася б расейская акупацыя па крымскім сцэнары, што б было? Ці змаглі б мы ўзняцца на абарону свайго горада, як узняліся варшавяне. Хто быў бы на барыкадах, а хто б радаваўся поспехам акупантаў?”, – задаецца пытаннямі журналіст:

– Калі ў Беларусі раптам узнікне вакуум улады, які пачаў бы запаўняцца Расейскай Федэрацыяй, гэта зразумела, бо гэта краіна думае імперскімі катэгорыямі. Кожны павінен падумаць на якім баку ён будзе і што ён будзе рабіць. Я спадзяюся, што і ў Крамлі не забываюцца пра тое, што Беларусь заўсёды была партызанскай краінай, не было ў Еўропе, можа з выняткам Югаславіі, краіны, дзе партызанскі рух быў настолькі распаўсюджаны.

Варшаўскае паўстанне было адной з найбуйнейшых бітваў Другой сусветнай вайны: загінулі 10 тысяч паўстанцаў, 7000 прапалі без вестак. Вялікія страты панеслі немцы – загінулі каля 10 тысяч жаўнераў, каля 6 тысяч зніклі без вестак, знішчана 300 танкаў, гармат ды інш.

Пасля 63 дзён барацьбы паўстанцы склалі зброю, аднак, нягледзячы на паразу паўстання і вялікія ахвяры — знішчэнне гораду і страту пакалення маладых людзей — варшаўскае паўстанне было гераічным актам барацьбы польскага народа за свабоду і замацавала польскую свядомасць у часы панавання камуністычнага рэжыму ў Польшчы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя