„Калі мяне затрымлівалі, то зламалі руку”



Гісторыя 20-гадовага жыхара Менска Івана Еўтухова ўскалыхнула байнет: 23 верасня хлопца затрымалі супрацоўнікі АМАП, пасля гэтага адзін з іх пакатаўся на ягоным скейце і выкінуў у сметніцу. Іван распавёў «Вясне» падрабязнасці.

Падчас затрымання хлопцу зламалі руку і не выклікалі хуткую дапамогу, нават калі ён паведаміў пра хворае сэрца. Доктар у жодзінскай турме наогул сказаў, што з рукой усё добра, бо яна не апухла. Медыцынскую дапамогу хлопец атрымаў толькі пасля суда.

Іван расказвае, што займаецца скейтбордынгам ужо 7 гадоў і катаецца кожную ноч — так было і 23 верасня.

“Я нават не мог уявіць, што гэты дзень будзе нечым адрознівацца ад іншых, — успамінае хлопец. — Вечарам я катаўся па сваім звычайным маршруце ў раёне Нямігі: ехаў, слухаў музыку і недзе а 10-й гадзіне адчуў нейкі штуршок ззаду. Я ўпаў, перакуліўся — і літаральна праз 5 секунд ужо ляжаў на зямлі. Я падняўся, прайшоў пару метраў, але мяне падсеклі, і я апынуўся скручаным на зямлі. Падкрэсліваю: я не браў удзел у акцыі, гэты вечар быў для мяне звычайным баўленнем часу. Калі мяне затрымлівалі, то вельмі моцна прыціснулі да зямлі і зламалі руку. У аўтазаку таксама сустрэлі жорстка: адразу паклалі тварам у падлогу, пачалі пужаць, пытацца пра тэлефон. Я аддаў яго, але паспеў патэлефанаваць бацьку і паведаміць пра затрыманне. Сваякі потым суткі мяне шукалі”.

Нягледзячы на тое, што Іван прасіў выклікаць хуткую дапамогу, яму ніхто так і не дапамог.

“Мне было вельмі блага, — кажа ён. — Больш за тое, у мяне хворае сэрца. Але на гэта ніхто не звяртаў увагі. У Заводскім РУУС, куды мяне прывезлі пасля затрымання, розныя супрацоўнікі абяцалі выклікаць дактароў, але я так і не дачакаўся іх. Толькі сказалі, што чым хутчэй падпішу пратаколы, тым хутчэй да мяне прыедзе хуткая. Я не гледзячы падпісаў усё, мяне вывелі на вуліцу, але замест машыны хуткай дапамогі закінулі назад у аўтазак — ехаць у Жодзіна”.

Там хлопца паставілі ля сценкі так, што страшна было павярнуць галаву ўбок. Але да доктара ўсё ж-такі адвялі.

“Ён даў лекі ад сэрца, а пра руку сказаў, што я сімулюю, — распавёў Іван. — Маўляў, не распухла — значыцца, усё ў парадку. Пасля ў камеры я таксама бачыў чалавека, у якога была моцна разбіта галава”.

Потым быў суд. На хлопца склалі пратаколы па двух артыкулах – не толькі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, але і за аказанне супраціву пры затрыманні (артыкулы 23.34 і 23.4 КаАП). Але ён здолеў даказаць, што супраціву не было і ў выніку атрымаў пяць базавых велічынь толькі за ўдзел. Да доктара Іван звярнуўся ўжо пасля выхаду з Жодзіна: ён дыягнаставаў пералом рукі, шматлікія драпіны і сінякі.

“Пра скейт я нават і не думаў адразу: заўважыў, што яго няма, толькі ў аўтазаку. А потым пасля публікацыі відэа ў інтэрнэце адразу знайшліся добрыя людзі, якія забралі яго са сметніцы і перадалі маім сябрам. Ён крыху “пакоцаны”, але амаль у норме: гэтаксама, як і я”, — жартуе Іван.