«Калі СМІ працуюць на кансалідацыю грамадства, прэтэнзіяў да іх быць не можа»
Калі сродкі масавай інфармацыі працуюць на кансалідацыю грамадства, прэтэнзій да іх быць не можа, заявіў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч на калегіі Мінінфарма 5 лютага.
Паводле яго слоў, аналіз зваротаў грамадзян паказвае, што прадстаўнікоў розных слаёў насельніцтва, розных палітычных поглядаў у аднолькавай ступені трывожыць змястоўнае напаўненне сеткавых рэсурсаў, усёдазволенасць у ацэнках і выказваннях.
„Усе спрэчкі, увесь градус высвятлення адносін у частцы дакладнасці інфармацыі пераходзяць у прастору дзейнасці інтэрнэт-рэсурсаў, — цытуе Карлюкевіча дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Нікому не ставіцца задача закрыць, пазбавіць доступу і іншае. Усе дзеянні звязаныя з заканадаўчай ацэнкай змястоўнай часткі тых ці іншых публікацый. Калі розныя — як дзяржаўныя, так і грамадскія — інстытуты не парушаюць закон, працуюць на кансалідацыю грамадства ў дасягненні здаровых сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных задач, то прэтэнзій да іх быць не можа„.
Карлюкевіч адзначыў, што адной з асноўных задач Мінінфарма з’яўляецца кантроль за выкананнем заканадаўства аб СМІ. „Міністэрствам інфармацыі ў 2017 годзе вынесенае 17 пісьмовых папярэджанняў: сем — сродкам масавай інфармацыі і сем — інфармацыйным рэсурсам (аднаму — двойчы, аднаму — тройчы). У 2016 годзе было вынесенае 16 пісьмовых папярэджанняў: восем — сродкам масавай інфармацыі, восем — інфармацыйным рэсурсам„, — паведаміў чыноўнік.
У 2017 годзе, паводле яго слоў, назіралася тэндэнцыя росту колькасці пісьмовых папярэджанняў, якія Мінінфарм вынес на падставе рашэнняў судоў аб прызнанні апублікаванай інфармацыі не адпаведнай рэчаіснасці і аб тым, што яна ганіць гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю фізічных асобаў альбо дзелавую рэпутацыю юрыдычных асобаў. З агульнай колькасці пісьмовых папярэджанняў пяць было вынесенае менавіта па гэтых падставах, удакладніў Карлюкевіч.
Калі ў мінулыя гады вялікая колькасць пісьмовых папярэджанняў СМІ выносіліся за невыкананне патрабаванняў заканадаўства аб выхадных звестках, то ў 2017 годзе такія парушэнні ўстаноўленыя толькі ў двух выпадках, паведаміў кіраўнік Мінінфарма.
На калегіі адзначалася, што 1 ліпеня 2017 года ўвайшлі ў дзеянне патрабаванні аб прысваенні прадукцыі СМІ знака ўзроставай катэгорыі. Тром СМІ былі вынесеныя пісьмовыя папярэджанні за парушэнне патрабаванняў заканадаўства і адсутнасць такога знака.
У рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у 2017 годзе было ўключана 196 матэрыялаў на падставе 37 рашэнняў судоў. Усяго з 2008 года ў гэты спіс уключаны 461 экстрэмісцкі матэрыял.
Летась было прынятае 67 загадаў аб абмежаванні доступу ў дачыненні да 166 рэсурсаў і складаных частак рэсурсаў (на 76 рэсурсах і складаных частках рэсурсаў размяшчаліся экстрэмісцкія матэрыялы, на 69 рэсурсах — неналежная рэклама, на 17 — інфармацыя аб рэалізацыі наркатычных сродкаў, на двух — прапаганда парнаграфіі, на адным — інфармацыя, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, яшчэ на адным рэсурсе — нецэнзурныя выразы).
Усяго з 1 студзеня 2015 года па 1 студзеня гэтага Мінінфармам прынятыя рашэнні аб абмежаванні доступу да 533 інфармацыйных рэсурсаў і складаных частак рэсурсаў. На 57 размяшчалася інфармацыя аб рэалізацыі наркатычных сродкаў, на трох — табуяваная лексіка, на 88 — неналежная рэклама, на пяці — прапаганда парнаграфіі, на двух — інфармацыя, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, на 378 — экстрэмісцкія матэрыялы.
Варта адзначыць, што інфармацыйнай кампаніі БелаПАН у прысутнасці на сённяшняй калегіі Міністэрства інфармацыі было адмоўлена. БелаПАН