„Калі ўрад пачне лепш працаваць, каб апраўдаць свае заробкі?”
Прафсаюзны актывіст Генадзь Фядыніч распавёў пра заробкі беларусаў, парады чыноўнікоў і беспрацоўе ў краіне.
Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў днямі даў параду беларусам, як ім разбагацець: маўляў, калі хочуць мець высокія заробкі, дык яны павінны лепш працаваць. Як кажуць: усё геніяльнае – проста…
Генадзь Фядыніч: Перш-найперш Кабякоў павінен адказаць на пытанне: калі ўрад пачне лепш працаваць, каб апраўдаць свае заробкі? А таксама: што ён зрабіў для таго, каб краіна выбралася з той эканамічнай яміны, у якой цяпер сядзіць? І хто беларусаў у тую яму загнаў? Ды й наогул, я не разумею выразу кіраўніка ўрада, што беларусам трэба працаваць лепш, каб больш зарабляць. Як лепш рабіць, калі не прадаецца і тое, што ўжо зроблена? Склады ж прадукцыяй завалілі. Чаму пра гэта маўчыць? Мабыць, у Кабякова няма рычагоў уплыву, але ён у першую чаргу павінен разумець і ведаць, што доўга эканоміка ў такім стане не працягне. Без рэформаў нічога не будзе, а парада лепш працаваць – яна проста смешная. Грошай у прадпрыемстваў няма, усе закрэдытаваны. І, калі чалавек усё выканаў якасна, то як яшчэ ён павінен лепш працаваць? Астатняе – праблемы кіраўніцтва, праблемы таго ж ураду, які давёў эканоміку да таго стану, у якой яна зараз знаходзіцца. Хто, працоўны павінен шукаць рынкі збыту?
РР: Ды і як тут лепш працаваць, калі многія наогул не могуць знайсці працы? У рэгіёнах 2,5 мільёны рублёў у месяц — за шчасце…
— Больш за тое – будуць працягвацца скарачэнні, бо цяпер кожны кіраўнік стараецца вызваліцца ад тых людзей, без якіх ён можа абысціся. Іншая справа, што сёння чыноўнікі, якія пры ўладзе, паўладкоўвалі на розныя пасады сваіх знаёмых. Як кажуць, імя ім — легіён. А ўвогуле, беспрацоўе будзе расце, а пра падвышэнне заробкаў пакуль даводзіцца толькі марыць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя