Калі з’явіцца інфармацыя пра эксгумацыю парэшткаў Віктара Каліноўскага?
Інфармацыя пра магчымую эксгумацыю парэшткаў Віктара Каліноўскага ў Свіслачы выклікае непакой у гарадзенскіх грамадскіх дзеячаў, якія штогод удзельнічаюць у традыцыйным фэсце паўстанцаў 1863 года. Свіслацкі фэст даўней гадоў праходзіў без перашкодаў з боку ўладаў, але ў апошнія гады ўдзельнікі фэсту ўсцяж падвяргаюцца пераследу.
Ежы Грыгенча так ацэньвае магчымыя дзеянні ўлады:
– Калі б гэта ўсё было з міжнароднымі назіральнікамі, калі б былі эксперты міжнародныя. Ходзіць чутка, што будуць літоўцы, гэта таксама не дрэнна, але калі б яшчэ запрасілі палякаў і ўсё адкрыта, аб’явілі б людзям усё – гэта можа б было не дрэнна. А калі так, што яны патаемна нешта скажуць і пасля будзе. Можа яны спецыяльна хочуць, каб ніхто не ездзіў, скажуць не той чалавек пахаваны і ўсё.
У Свіслачы шмат месцаў памяці паўстанцаў 1863 года. Не толькі магіла Віктара Каліноўскага, але і бюст ды шыльда ў гонар Кастуся Каліноўскага. У Якушоўцы захаваліся падмуркі дома, у якім жылі Каліноўскія. Кажа сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяргей Верамеенка:
– Калі хочуць штосьці зрабіць, то гэта безумоўна трэба рабіць так, каб пра гэта ведала ўсё грамадства. Ніводная справа не павінна праходзіць патаемна. Мы на жаль не ведаем чаму ўлады ці тыя арганізацыі, каторыя датычныя да гэтых мерапрыемстваў, намагаюцца правесці эксгумацыю магілы Віктара Каліноўскага. Мне прыемна бачыць тое, як патрыёты прыходзяць і ўшаноўваюць памяць тых людзей, каторыя змагаліся з акупацыйнай уладай.
Некаторыя грамадскія арганізацыі маюць намер накіраваць звароты ў абласныя структуры, каб высветліць характар магчымых дзеянняў з боку Следчага камітэта, калі ў бліжэйшы час не з’явіцца афіцыйнай інфармацыі пра намеры і мэту эксгумацыі парэшткаў Віктара Каліноўскага.
Беларускае Радыё Рацыя