Калінінградская мытня затрымала пастаўшчыка анаболікаў з Беларусі
Супрацоўнікі Калінінградскай абласной мытні выявілі пастаўшчыка на тэрыторыю вобласці з Беларусі моцнадзейных рэчываў — анабалічных стэроідаў.
Як паведамляе прэс-служба мытні, грамадзянін Расеі арганізаваў канал паставак на тэрыторыю Калінінградскай вобласці з Беларусі моцнадзейных рэчываў (анабалічных стэроідаў), свабодны абарот якіх забаронены на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі.
Мужчыну затрымалі ў цягніку, які рухаўся з Масквы ў Калінінград. Пры аглядзе асабістых рэчаў — дарожнай сумкі, заплечніка і поліэтыленавага пакета — у яго былі выяўленыя ўтоеныя ад мытнага кантролю каля 40 флаконаў розных ёмістасцяў, 70 ампул, 30 капсул, больш за 2 тысячы таблетак у блістарах і флаконах.
Пасажыр патлумачыў, што ўсё пералічанае было прызначана для асабістага спажывання. Разам з тым, як указвае мытня, паводле ацэнак спецыялістаў, канфіскаваная партыя з-за яе аб’ёму не магла прызначацца для ўжывання адным чалавекам.
Прэпараты былі канфіскаваныя і накіраваныя на экспертызу, якая ўстанавіла, што яны з’яўляюцца моцнадзейнымі рэчывамі (анабалічнымі стэроідамі). У дачыненні да расіяніна распачатая справа па ч. 1 арт. 226.1 КК РФ па факце незаконнага перамяшчэння праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза моцнадзейных рэчываў у буйным памеры. Крымінальны кодэкс Расеі прадугледжвае за такое злачынства пакаранне ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі.