#Kalinouski2019: чакаем на перапахаванні паўстанцаў сотні жыхароў Беларусі
Прадстаўнікі кампаніі #Kalinouski2019 упэўненыя, што на перапахаванне парэшткаў паўстанцаў 1863-64 года ў Вільню мусяць прыехаць як мага больш беларусаў.
Намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў упэўнены, што галоўнымі, каго чакаюць на перапахаванні – гэта сотні і тысячы беларусаў.
– Ніхто не можа прыватызаваць гэтую падзею. І, безумоўна, я чакаю, што тысячы і тысячы беларусаў рознымі шляхамі з нашай дапамогай ці без, па ўласным пакліканні з’явяцца ў Вільні, каб ушанаваць нашых герояў. Гэта безумоўная мэта, якую мы перад сабой ставім, – узняццё ізноў у памяці народнай постацяў герояў, прозвішчаў герояў. Не магу сказаць, што гэты канкрэтны чалавек павінен прыняць удзел. На маю думку, гэта мусіць быць народны рух, народны прыезд, і сапраўды, дзясяткі тысяч чалавек, якія прыедуць туды на перапахаванне, гэта тое, што сапраўды варта.
Сяргей Верамеенка, што прадстаўляе ў кампаніі #Kalinouski2019 БХД, лічыць, што на гэтым мерапрыемстве прадстаўнікі беларускай улады – не галоўныя госці:
– Прадстаўляць дэлегацыю Беларусі ў Вільні на цырымоніі перапахавання павінны перадусім людзі – тыя беларусы, якія жадаюць прыехаць, якія мусяць прыехаць. Ці будзе хтосьці з прадстаўнікоў уладных структур, я не ведаю. Па мне, сённяшняя ўлада з’яўляецца нелігітымнай. Добра, каб хтосьці прыехаў. Але калі не прыедуць, я не надта засмучуся. Галоўнае, каб прыехалі беларусы, і каб нас было як мага больш.
Папярэдне вядома, што перапахаванне знойдзеных на гары Гедыміна парэшткаў паўстанцаў 1863-64 гадоў адбудзецца ў лістападзе 2019 года на могілках Роса ў Вільні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня