#kalinouski2019 – грамадская кампанія набірае абароты
Кампанія па папулярызацыі вобразу Кастуся Каліноўскага #kalinouski2019, што з’явілася некалькі дзён таму, набірае прыхільнікаў.
Пра адметнасць кампаніі распавядае адзін з яе ініцыятараў Васіль Герасімчык:
– Мы вырашылі зрабіць кампанію, якая дапаможа нашай дзяржаве зрабіць правільны выбар. Бо як пісаў сам Каліноўскі: “Не народ для ўрада, а ўрад для народа”. Увосень адбудзецца перапахаванне паўстанцаў, знойдзеных на Замкавай гары ў Вільні. Сярод іх тыя, хто ў якасці пароля выкарыстоўваў словы: “Каго любіш? Люблю Беларусь! Дык узаемна”. І першы сярод іх – Кастусь Каліноўскі. Да вобраза якога, як заступніка, звяртаўся наш народ у найцяжэйшыя моманты 20 стагоддзя, калі яго існаванне знаходзілася пад пагрозай.
Гісторык Аляксей Кайрыс адзначае, што да кампаніі амаль штодня далучаюцца новыя ініцыятывы ды асобы.
– Да кампаніі ўжо далучыўся гурт “Дзецюкі”. Музыкі прэзентавалі песню “Час касінераў”. Таксама брэнд беларускага адзення LSTR, які прэзентаваў адмысловыя цішоткі. Да кампаніі паступова далучаюцца гарадзенскія крамы, гарадзенскія культурніцкія пляцоўкі. У бліжэйшыя дні мы плануем кампанію пашыраць на ўсю Беларусь, каб далучаць кагосьці з Менску, кагосьці з іншых рэгіёнаў.
Пра навіны з кампаніі #kalinouski2019 амаль штодня можна даведацца з сацыяльных сетак. Чакаецца, што днямі ў Гародні адбудзецца прэс-канферэнцыя, дзе журналістаў пазнаёмяць з цікавосткамі гэтай ініцыятывы.
Беларускае Радыё Рацыя