Каля 10 чалавек узялі ўдзел у „Астравецкім шляху” ў Радашковічах



Каля 10 чалавек прыняло ўдзел 26 чэрвеня ў акцыі „Астравецкі шлях” у Радашковічах, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук.

„Мы ўсклалі вянок да помніка Янку Купалу. Потым да нас падышлі прадстаўнікі праваахоўных органаў і мясцовай адміністрацыі, сказалі, што ў выпадку калі не разыдземся, будуць вымушаныя трактаваць нашы дзеянні як несанкцыянаванае мерапрыемства”, — сказаў ён.

Кучук таксама паведаміў, што ўдзельнікі мерапрыемства не змаглі правесці пасяджэнне круглага стала, бо кавярня, у якім яно планавалася, была раптоўна закрытая. „Улады блакуюць усе актыўнасці па правядзенні „Астравецкага шляху”, — заявіў палітык.

Першапачаткова планавалася правядзенне ў Радашковічах акцыі ў выглядзе шэсця і мітынгу, аднак Маладэчанскі райвыканкам адмовіў у яе правядзенні.

Чыноўнікі абгрунтавалі адмову тым, што былі парушаны тэрміны падачы заяўкі: яна была зарэгістраваная ў выканкаме 12 чэрвеня. „Рашэнне дзіўнае. Бо заяўка была накіравана ў Маладэчанскі райвыканкам заказным лістом 11 чэрвеня, гэта значыць ва ўстаноўленыя законам тэрміны — за 15 дзён да правядзення акцыі”, — сказаў Кучук.

Сёлета аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху” (штогод праходзіць 26 красавіка, у гадавіну аварыі на ЧАЭС) вырашыў праводзіць акцыі кожны месяц 26-га чысла ў гарадах і пасёлках, размешчаных паміж Менскам і Астраўцом: у Заслаўі, Радашковічах, Маладзечне, Вілейцы, Смаргоні, Ашмянах. Серыя акцый павінна завяршыцца 26 лістапада ў Астраўцы.

Акцыя ў Заслаўі таксама не была дазволена. Улады патлумачылі адмову тым, што заяўка павінна была падавацца не ў мясцовы гарвыканкам, а ў Мінскі райвыканкам. У выніку 26 мая ў Заслаўі каля двух дзясяткаў актывістаў розных дэмакратычных партый і арганізацый наведалі памятныя мясціны горада і правялі круглы стол па атамнай праблематыцы.

Нягледзячы на гэта, удзельнікам мерапрыемства сталі паступаць пратаколы па артыкуле 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Яны складзеныя ў дачыненні да Кучука, Вячаслава Сіўчыка, Ігара Лялькова, Яна Лагвіновіча і іншых.

belapan.by