Каля 120 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся ў цэнтры Берасця



У Берасці на плошчы Леніна 13 кастрычніка апоўдні чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле даных праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было 116 чалавек. Міліцыя зноў праз мегафон папярэджвала прысутных аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі рашэнне суда Берасцейскага раёна, які 10 кастрычніка разгледзеў матэрыялы адміністрацыйнай справы мужчыны, які напаў на праціўніцу акумулятарнага завода Марыю Галалюк.

14 жніўня побач з прахадной акумулятарнага завода актывістку, якая дзяжурыла каля прадпрыемства, некалькі разоў ударыў невядомы мужчына. Гэта адбылося, калі Галалюк здымала на тэлефон яго агрэсіўныя паводзіны ў дачыненні да іншага актывіста, які паставіў свой аўтамабіль так, каб не даць выехаць з тэрыторыі прадпрыемства грузавіку. У Галалюк падчас медыцынскага агляду выявілі закрытую чэрапна-мазгавую траўму, удар мяккіх тканак скроневай вобласці і ўдар крыжа. Ад шпіталізацыі яна адмовілася, таму што на наступны дзень з лякарні павінны былі выпісаць яе дзіця-інваліда. Галалюк напісала заяву ў міліцыю.

Асоба нападніка была ўстаноўлена і суд Берасцейскага раёна прызнаў яго вінаватым па арт. 9.1 КаАП (наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання, якое не прывяло да кароткачасовага расстройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасці) і аштрафаваў на 12 базавых велічынь (306 рублёў).

У ходзе сённяшняй сустрэчы на плошчы актывісты выказалі абурэнне мяккім, на іх думку, пакараннем. Яны лічаць, што суд «не быў бесстароннім». У ходзе разбору ў судзе не быў прагледжаны відэазапіс, зняты актывістам, дзе захаваны момант нападу на Галалюк і яе збіцця. Актывісты лічаць, што сума штрафу несуразмерная з учынкам. Пры гэтым яны адзначылі, што праціўнікаў завода штрафавалі за «менш значныя парушэнні на значна большай сумы». Так, актывіст Дзмітрый Бекалюк быў аштрафаваны на 40 базавых велічынь за ўдзел у шэсці праціўнікаў завода па цэнтральных вуліцах горада, а Таццяна Фесікава – на 30 базавых велічынь за раздачу шарыкаў на плошчы 31 сакавіка.Таксама праціўнікі завода абмяркоўвалі ўдзел сваіх актывістаў у парламенцкіх выбарах. Нагадаем, жыхар Бярозы Аляксандр Кабанаў, член Аб’яднанай грамадзянскай партыі і блогер падаў дакументы ў выбаркам Берасцейскай-Заходняй акругі № 1, берасцеец Раман Кісляк – Берасцейскай-Цэнтральнай акругі № 2, жыхарка Берасцейскага раёна Алена Макарэвіч – Берасцейскай-Заходняй акругі № 3, жыхар Кобрына Уладзімір Мароз – Берасцейскай -Памежнай № 4.

Кісляк, Макарэвіч і Мароз вылучаюцца шляхам збору подпісаў, Кабанаў – ад АГП.

Актывісты выказвалі ўпэўненасць, што ўсіх чацвярых зарэгіструюць. «Іх ужо зарэгістраваў народ, паставіўшы подпісы за іх вылучэнне», – заявіў адзін з удзельнікаў сустрэчы.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця – Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».

Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» пабудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст». На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасця і Берасцейскім раёне 237 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг «Берасцейкі супраць свінцу», на які прыйшлі каля дзвюх тысяч чалавек.

З 3 мая каля прадпрыемства кругласутачна дзяжураць актывісты. Яны неаднаразова фіксавалі факты вытворчай дзейнасці яшчэ не прынятага ў эксплуатацыю завода, які выкідваў у паветра і гарадскую каналізацыю шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства паўнавартасна выпускала прадукцыю. Аб парушэннях яны інфармавалі адпаведныя інстанцыі.

14 чэрвеня Берасцейскі аблвыканкам апублікаваў на сваім сайце распараджэнне кіраўніка вобласці Анатоля Ліса аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў». 17 чэрвеня абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода пад Берасцем атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Як паведаміў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель падчас прамой лініі, наколькі яму вядома, прычынай адмоўнага заключэння сталі недакладныя звесткі.

2 жніўня аблвыканкам зрабіў запыт аб ходзе завяршэння рэалізацыі праекта.Паколькі кампанія не выканала свае абавязацельствы па дагаворы, праект не быў рэалізаваны ў названы тэрмін, аблвыканкам адмовіўся ад выканання сваіх абавязацельстваў і 14 жніўня паведаміў «АйПаўэр» аб спыненні дагавора і запатрабаваў вярнуць сродкі ў інавацыйны фонд у добраахвотным парадку на працягу месяца з даты паведамлення.

14 жніўня праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзена на дзяржаўную экалагічную экспертызу.16 верасня прэс-служба Групы кампаній 1AK-GROUP, у якую ўваходзіць «АйПаўэр», паведаміла, што кампанія «АйПаўэр» адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Паводле яе інфармацыі, дакументацыя па праекце адкліканая «па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных змяненнях». Пасля ўнясення неабходных звестак «АйПаўэр» зноў падасць праектную дакументацыю на разгляд у Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Мінпрыроды.

БелаПАН