Каля 120 праціўнікаў будаўніцтва завода зноў сабраліся ў Берасці
25 лістапада на плошчы Леніна ў Берасці зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.
У 12.45 на плошчы было каля 120 чалавек. Яны стаялі групамі, абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, у прыватнасці запланаваную на 5 снежня сустрэчу двух актывістаў з міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худыкам.
24 лістапада на прамую лінію, якую праводзіў Худык, патэлефанавалі актывісты грамадскай кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода брэстаўчане Дзям’ян Лепясевіч і Дзмітрый Бекалюк. У ходзе размовы міністр запрасіў Лепясевіча і Бекалюка прыехаць у Мінск 5 снежня. У гэты дзень Худык будзе праводзіць асабісты прыём. У сваю чаргу Лепясевіч папрасіў кіраўніка Мінпрыроды запрасіць на гэту сустрэчу распрацоўшчыкаў праектнай дакументацыі акумулятарнага завода „АйПаўэр”. Худык пагадзіўся.
Як заявіў сёння Бекалюк, задача актывістаў — „каб праўду не зацерлі” пры правядзенні паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы ўдакладненага праекта завода.
У сваю чаргу брэстаўчанін Сяргей „практычна ўпэўнены”, што сустрэча з міністрам прапанавана для таго, каб „пацягнуць час і збіць хвалю пратэсту”. Паводле яго слоў, праціўнікі завода адзначаюць, што з верасня ўзрасла цікавасць мясцовых жыхароў да гэтай тэмы і менавіта гэтым абумоўлена прызначаная сустрэча з Худыкам. Ён таксама адзначыў, што актывістамі сабрана столькі парушэнняў рэалізацыі гэтага праекта, што завод трэба закрыць.
Таксама ўдзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі заяўку на мітынг на 9 снежня. Большасць лічаць, што чыноўнікі ў чарговы раз знойдуць прычыну, каб забараніць яго. Як паведамлялася, 23 лістапада ў Брэсцкі райвыканкам пададзена заяўка на правядзенне дэманстрацыі „Заводу тут не месца”. Дэманстрацыя намячаецца на 9 снежня непадалёк ад будоўлі.
Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.
Грамадская кампанія супраць узвядзення акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. Паводле дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, за гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 24 мітынгаў, 12 пікетаў і адной дэманстрацыі. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу” на ўскраіне горада, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.
31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў заказчыкаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на правядзенне работ”, — сказаў ён.
Несумненна, лічыць Румас, такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і вырашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць дастойную заработную плату”, — заявіў ён.