Каля 20 000 чалавек прайшлі маршам па Берасці



20 000 чалавек, па дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, прайшліся маршам у Берасці. Дэманстрантаў віталі мікрараёны: Цэнтр, Усход, Пугачова, Кавалёва, Вулька. Гучалі лозунгі: „Жыве Беларусь!”, „Верым, Можам, Пераможам!”, „Лукашэнку ў аўтазак!”, „Сыходзь!”, „Свабоду!” ды інш. Пасля дэманстрацыі быў затрыманы музыка і саліст гурта „Дай Дарогу!” Юрый Стыльскі.

847 чалавек былі затрыманы пад час пратэстаў супраць фальсіфікацыяў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Берасці. Пра гэта паведаміў старшыня мясцовага гарвыканкама Аляксандр Рагачук пад час сустрэчы з жанчынамі, якія ў гэтыя дні выходзяць з кветкамі на вуліцы горада. Сваю „адсідку” узгадвае адзін з маніфестантаў, ужо пасля вызвалення і атрыманага арышту:

– Былі спробы казаць у калідорах перад выпускам, што пратэстоўцы не маюць рацыі, што так нельга рабіць. Усё гэта гучала з вуснаў пажылога міліцыянта, але ўсе хлопцы проста глядзелі на яго проста разумеючы, што ніхто нічога не парушаў, што ўсё гэта проста нейкі сюр. Суддзя папярэдзіла, мяне, што ў выпадку, калі я зноў з’яўлюся, то мне пагражае крымінальная адказнасць.

„847 чалавек па афіцыйных дадзеных – гэта агромністая лічба для горада з насельніцтвам у 340 тысяч чалавек”, – кажуць удзельнікі пратэстаў. Аляксандр Рагачук, у сваю чаргу, дадаў што большасць затрыманняў адбыліся 9, 10 і 11 жніўня. У людзей сілавікі стралялі гумовымі кулямі, закідвалі светашумавымі гранатамі, а па дадзеных мясцовага УУС у некаторых выпадках прымянялі агнястрэльную зброю. Усіх затрыманых збівалі і звазілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС Берасця, мясцовае СІЗА, неўстаноўленыя гаражы і спартовыя залы.

Беларускае Радыё Рацыя