Каля 200 ёлачных базараў будуць працаваць у Менску



Каля 200 ёлачных базараў будуць працаваць у беларускай сталіцы з 22 па 31 снежня, паведаміў 6 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік начальніка аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкама Аляксандр Фралоў.

Паводле яго слоў, кошт жывых ялін да 1 метра складзе ад 10 рублёў; да 2 метраў — ад 11,5 рубля; да 3 метраў — ад 15 рублёў.

„Тэндэнцыя па скарачэнні аб’ёмаў продажаў жывых елак назіраецца з году ў год, а продаж штучных з кожным годам павялічваецца. Так, за апошнія пяць гадоў на 10 тысяч дрэў упала рэалізацыя жывых ялін. Але яны ўсё роўна застаюцца запатрабаванымі. Таксама ўсё большую папулярнасць набіраюць вянкі з яловых галінак. Сёлета яны шырока будуць прадстаўленыя ў супер- і гіпермаркетах”, — сказаў намеснік начальніка аддзела.

Фралоў паведаміў, што ў рознічным гандлі прадстаўлены шырокі асартымент штучных елак, у тым ліку айчыннай вытворчасці (больш за 40 відаў). Мінімальныя цэны на іх складаюць: ад 10,5 рубля — да 1 метра; ад 22 рублёў — да 2 метраў і ад 126 — да 3 метраў.

Ён таксама паведаміў, што ў перадсвяточныя дні ў сталіцы пройдзе каля 2,5 тысяч зніжкавых акцый на харчовыя і нехарчовыя тавары, каля 100 выстаў-продажаў кулінарных і кандытарскіх вырабаў.

З 15 снежня па 15 студзеня гандлёвыя аб’екты будуць працаваць без закрыцця на рамонты і санітарныя дні. У святочныя дні (25 і 31 снежня, 7 студзеня) харчовыя і нехарчовыя крамы будуць працаваць паводле рэжыму працоўнага дня. 1 студзеня харчовыя крамы працуюць з 10 да 18 гадзін. „Але цяпер многія крамы працягваюць рэжым працы, некаторыя з іх працуюць і ў навагоднюю ноч з невялікім перапынкам”, — адзначыў Фралоў.

БелаПАН