Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода зноў выйшлі на плошчу
На плошчы Леніна ў Берасці 9 снежня зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.
У 12.40 на плошчы было прыблізна 250 чалавек, паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін.
9 снежня прысутныя абмяркоўвалі асабісты прыём чатырох праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода міністрам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худыком 5 снежня. З кіраўніком ведамства сустрэліся актывісты Дзям`ян Лепясевіч, Дзмітрый Бекалюк, Сяргей Геліс і блогер Аляксей Кабанаў.
На сустрэчы, паводле звестак прэс-службы Мінпрыроды, таксама прысутнічалі прадстаўнікі замоўцы будаўніцтва завода ТАА „АйПаўэр”, усіх зацікаўленых арганізацый, якія ўдзельнічалі ў распрацоўцы праектнай дакументацыі і справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе вытворчасці акумулятарных батарэй, арганізацый Мінпрыроды і Міністэрства аховы здароўя, эксперты.
У паведамленні адзначаецца, што „міністр падзякаваў актывістам ініцыятыўнай групы за неабыякавае стаўленне да праблем навакольнага асяроддзя і адзначыў, што шэраг выкладзеных фактаў ужо ўлічаныя ў працы спецыялістаў прыродаахоўнага ведамства, а шэраг новых заслугоўваюць дадатковага разгляду”. Частка пытанняў былі растлумачаныя падчас прыёму.
„Пры праходжанні экалагічнай экспертызы праекта акумулятарнага завода па ўнесеных зменах, які цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Рэспубліканскім цэнтры дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі работнікаў кіравання і спецыялістаў, адказнымі службовымі асобамі будуць прынятыя пад увагу ўсе заўвагі і прапановы грамадскасці і экспертаў па гэтым аб`екце, — цытуе Худыка прэс-служба Мінпрыроды. — Завод не будзе прыняты ў эксплуатацыю, калі ён не будзе адпавядаць заяўленай праектнай дакументацыі, якая прайшла дзяржаўную экалагічную экспертызу, а значыць, прыродаахоўнаму заканадаўству”.
Як паведаміў Дзмітрый Бекалюк на сённяшняй сустрэчы праціўнікаў завода на плошчы Леніна, пасля размовы ў Мінпрыроды ў актывістаў „з`явілася яшчэ больш пытанняў”. Ён лічыць, што „чыноўнікі хочуць запусціць завод, нягледзячы на ўсе парушэнні”.
Дзям`ян Лепясевіч у сваю чаргу заявіў, што на сустрэчы чыноўнікі „адстойвалі інтарэсы бізнесу”. „Міністр сказаў: вы зразумейце, туды ўжо ўкладзеныя грошы, інтарэсы бізнесу таксама трэба захоўваць. На што Бекалюк яму адказаў, што вы, як міністр прыроды, павінны захоўваць не інтарэсы бізнесу, а ахоўваць навакольнае асяроддзе”, — сказаў Лепясевіч.
Ён паведаміў, што перад пачаткам сустрэчы, якая доўжылася больш за пяць гадзін, актывістаў папрасілі здаць тэлефоны, дыктафоны і відэазапісвальную апаратуру, паабяцаўшы, што пасля сустрэчы дадуць аўдыязапіс размовы. Аднак гэтае абяцанне не выкананае дагэтуль. Актывістам паведамілі, што запіс пашкоджаны і яго спрабуюць аднавіць. Як лічыць Лепясевіч, чыноўнікі не хочуць, каб грамадскасць ведала, што адбывалася на гэтай сустрэчы.
Ён адзначыў, што тэхніку канфіскавалі толькі ў членаў ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва завода. Усе астатнія ўдзельнікі сустрэчы, у тым ліку іх апаненты — прадстаўнікі прадпрыемства ТАА „АйПаўэр”, якое будуецца, былі з тэлефонамі і камп`ютарамі.
Актывістам падчас сустрэчы ў Мінпрыроды паабяцалі прыблізна 15-16 снежня паведаміць аб выніках паўторнай экалагічнай экспертызы, звязанай з будаўніцтвам завода.
Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.
Грамадская кампанія супраць завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 29 мітынгаў, 12 пікетаў і трох дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейскі супраць свінцу”, на які сабралася прыкладна дзве тысячы чалавек.
31 кастрычніка прэм`ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў замоўцаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вядзенне работ”, — сказаў ён. Несумненна, лічыць Румас, такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і вырашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць добрую заработную плату”, — заявіў ён.
belapan.by