Каля 260 чалавек затрымана ў Мінску і рэгіёнах
Каля 260 чалавек затрымана ў Менску і рэгіёнах падчас учарашніх пратэстных акцый супраць інаўгурацыі Лукашэнкі. Спіс затрыманых публікуе праваабарончы сайт spring96.org.
Больш за ўсё пратэстоўцаў затрымана ў сталіцы, дзе акцыі прайшлі ў многіх раёнах. Сілавікі жорстка разганялі людзей, сведчаць відэакадры і фатаграфіі з месца падзей, размешчаныя ў сацсетках і мэсэнджарах. Сутычкі адзначаныя ў раёне станцый метро „Пушкінская”, „Кунцаўшчына”, „Каменная Горка”. Ёсць пацярпелыя. Супраць дэманстрантаў былі ўжытыя вадамёты і іншыя спецсродкі.
Акцыі прайшлі і ў іншых населеных пунктах краіны, дзе пратэстоўцаў таксама жорстка разганялі і затрымлівалі. Паводле дадзеных праваабаронцаў, затрыманні адбыліся ў Гародні, Гомелі, Берасці, Магілёве, Баранавічах (Берасцейская вобласць), Барысаве (Менская вобласць), Полацку (Віцебская вобласць), Паставах (Віцебская вобласць), Століне (Берасцейская вобласць), Смілавічах (Чэрвеньскі раён, Менская вобласць).
Цырымонія інаўгурацыі Лукашэнкі прайшла 23 верасня ў Палацы Незалежнасці ў абстаноўцы сакрэтнасці. Пра яе стала вядома з паведамлення дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, якое пазней прадублявала прэс-служба Лукашэнкі.
Пра непрызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі ўжо заявілі Германія, Данія, Латвія, Літва, Славакія, Чэхія, Эстонія, Украіна і ЗША.