Каля 280 тысяч студэнтаў будуць навучацца ў ВНУ
У новым навучальным годзе ў беларускіх ВНУ будзе навучацца каля 280 тысяч студэнтаў, паведаміў 7 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч.
Фота: БелТА
„Апошнія пару гадоў кантынгент студэнтаў у нас стабілізаваўся і не расце. Прыём на бюджэтную і платную дзённую формы навучання ва ўніверсітэтах завершаны. На першы курс бюджэтнай і платнай формы адукацыі ў гэтым годзе прыйдуць больш за 50 тысяч студэнтаў.
„Набор працягнецца на завочную форму адукацыі ў сельскагаспадарчых ВНУ з 15 лістапада”, — дадаў ён.
Паводле яго слоў, у гэтым годзе скарочаны прыём на эканамічныя і юрыдычныя спецыяльнасці, павялічаны на спецыяльнасці IT-профілю, медыцынскія і спецыяльнасці фізкультуры і спорту. „На ўсе спецыяльнасці, дзе прыём быў павялічаны, планы прыёму выкананыя”, — сказаў Каспяровіч.
Пад рэгіянальныя патрэбнасці эканомікі ў шэрагу ВНУ адкрыліся новыя спецыяльнасці. „Гаворка ідзе пра камп’ютарную фізіку ў Гададзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы, — распавёў прадстаўнік міністэрства. — Шэраг спецыяльнасцяў адкрыты ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны: бізнес-адміністраванне, эканамічная інфарматыка, спартыўна-педагагічная дзейнасць. Беларуска-расейскі ўніверсітэт адкрыў такія спецыяльнасці, як электронны маркетынг, абсталяванне і тэхналогіі высокаэфектыўнай апрацоўкі металу, інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”.
Таксама новыя спецыяльнасці адкрытыя ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Полацкім дзяржуніверсітэце.
„Вынікі прыёму кажуць пра тое, што істотных змен у параўнанні з мінулым годам няма, — паведаміў Каспяровіч. — Прахадныя балы ў ВНУ таксама былі прыкладна на ўзроўні леташняй кампаніі. Найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці тыя ж: IT-профілю, асобныя юрыдычныя, медыцынскія. Ёсць высокія прахадныя балы і на педагагічныя спецыяльнасці”.
Прарэктар па навучальнай працы, намеснік старшыні прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка Аляксандр Макоўчык адзначыў, што сярэдні конкурс у ВНУ склаў больш за два чалавекі на месца. На спецыяльнасць „Руская мова і літаратура. Замежная мова” прэтэндавалі 10 чалавек на месца, на спецыяльнасць „Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка” — больш за 8 чалавек на месца.
„У гэтым годзе ў нас сярод будучых першакурснікаў больш за 150 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў ССНУ з адзнакай. Па васьмі з 31 спецыяльнасці на першую ступень абітурыенты залічаныя без уступных выпрабаванняў — гэта выпускнікі педагагічных класаў (больш за 130), пераможцы алімпіяд і іншыя найбольш падрыхтаваныя абітурыенты. Таксама ва ўніверсітэт залічаныя больш за сотню спартсменаў высокага ўзроўню”, — сказаў Макоўчык.
Прахадныя балы ў ВНУ выраслі па ўсіх спецыяльнасцях. Напрыклад, па спецыяльнасці „Матэматыка і інфарматыка” прахадны бал вырас на 115 пунктаў. Самы высокі прахадны бал быў на спецыяльнасцях „Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка” — 322, „Лагапедыя” — 314, „Руская мова і літаратура” — 306, „Псіхалогія” — 305.
ВНУ ў гэтым годзе павялічыў набор на спецыяльнасці пачатковай і дашкольнай адукацыі. Павялічаная нагрузка па псіхалагічнай падрыхтоўцы педагогаў. З’явіўся факультатыў „Псіхалагічная бяспека ў школе”.