Каля 300 праціўнікаў акумулятарнага завода сабраліся ў цэнтры Берасця
30 чэрвеня на плошчы Леніна ў Берасці чарговы раз сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Паводле дадзеных праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было каля 300 чалавек.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі інфармацыю, якая з’явілася 28 чэрвеня ў СМІ, аб затрыманні Віктара Лемяшэўскага — сузаснавальніка акумулятарнага завода, дырэктара ТАА „ПАК-кіраванне”.
Як паведаміў партал tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы, Лемяшэўскага і некаторых ягоных падначаленых затрымалі ўначы 28 чэрвеня. Пакуль невядома, што ім інкрымінуецца.
Як заявіў сёння падчас сустрэчы праціўнікаў завода актывіст Дзмітрый Бекалюк, калі Лемяшэўскі і затрыманы, то гэта можа быць звязана з грамадскім пратэстам супраць акумулятарнага завода, які доўжыцца больш за паўтара года.
Бекалюк лічыць, што прыпыненне запуску завода, у тым ліку затрыманне Лемяшэўскага, — гэта станоўчыя фактары. „Але самае небяспечнае зараз — супакоіцца і думаць, што мы перамаглі. Таму працягваецца грамадская кампанія, у тым ліку кругласутачныя дзяжурствы каля завода”, — заявіў ён.
У сваю чаргу актывіст Дзям’ян Лепясевіч лічыць, што затрыманне бізнесмена можа быць „выкрутам уладаў, каб супакоіць народ”. „Я асабіста цяпер не веру ніводнаму з дзеянняў уладаў. Вось калі Лемяшэўскі сядзе ў турму, а з завода вывезуць ўсё абсталяванне, тады я скажу: „Так, улада ўсё зрабіла згодна з законам”, — адзначыў ён.
Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода рушылі па цэнтральных вуліцах Берасця. Паводле падлікаў праваабаронцаў, у шэсці ўдзельнічае да 400 чалавек.
belapan.by