Каля 40 мітынгоўцаў яшчэ знаходзяцца за кратамі на Берасцейшчыне
Каля чатырох дзясяткаў чалавек зараз яшчэ знаходзяцца за кратамі на Берасцейшчыне. Такую інфармацыю паведамляюць валанцёры берасцейскага аддзялення праваабарончага цэнтра «Вясна».
Яны праходзяць пераважна па артыкулах крымінальнага кодэкса за мірныя акцыі пратэстаў, – распавяла валанцёр, спадарыня Ганна:
– У Берасці гэта чалавек 20, якія ўсё яшчэ застаюцца ў ІЧУ, і яшчэ ў вобласці таксама чалавек 20. Дарэчы, наконт Івацэвічаў, адтуль паступалі ананімныя тэлефанаванні, людзі не захацелі сябе называць. Яны распавядалі дастаткова страшныя рэчы, што людзей, якіх затрымалі па адміністрацыйнай справе, персанал калоніі збівае вельмі моцна, нават арыштанты па крымінальных справах ніколі не бачылі такой жорсткасці. У Берасці з-за вялікай колькасці затрыманых людзей спачатку змяшчалі ў камеры, дзе 12 ложкаў, а туды змяшчалі па 32 чалавекі.
Пытаннямі вызвалення тых, хто застаўся за кратамі, зараз займаюцца адвакаты. Але лёс іх вельмі залежыць ад таго, як берасцейцы заступяцца за тых, хто зараз знаходзіцца пад арыштам – перакананая валанцёр.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце