Каля 70 работнікаў „Гродна Азоту” напісалі заявы аб звальненні
Каля 70 супрацоўнікаў ААТ „Гродна Азот” напісалі заявы аб звальненні, але пакуль не перадалі іх кіраўніцтву. Так яны адрэагавалі на арышт свайго калегі і суды, якія хутка пачнуцца.
Падчас акцыі пратэсту 23 верасня, у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, было затрымана некалькі супрацоўнікаў „Гродна Азоту”. Аднаго з іх — Ігара Рубцэвіча — арыштавалі на пяць сутак. Гэта быў першы выпадак арышту сярод работнікаў прадпрыемства за ўдзел у акцыях пратэсту.
25 жніўня калону работнікаў „Гродна Азоту” — паводле розных дадзеных, ад 28 да 32 чалавек — затрымалі па дарозе з працы ў цэнтр горада. На іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і ў той жа вечар адпусцілі. Суды прызначаныя на 30 верасня.
Як паведаміў БелаПАН старшыня незалежнага прафсаюза „Гродна Азоту” Андрэй Ханевіч, у адказ людзі напісалі заявы аб звальненні, у першую чаргу тэхналагічны персанал цэха „Аміяк-3”, які працуе пазменна. Яшчэ раней адна са змен адмовілася выходзіць на працу ў знак пратэсту, аднак пасля размовы з гендырэктарам Ігарам Бобырам і галоўным інжынерам Віктарам Міхневічам яна працягнула працу.
У цэху „Аміяк-4” цяпер праводзіцца планавы рамонт, які нагадвае італьянскую забастоўку: рамонтнікі працуюць толькі ў рабочы час, не выходзяць па выхадных, не застаюцца звышурочна, як раней. „Так людзі хочуць паказаць кіраўніцтву, што яны не хочуць зарабляць для яго грошы”, — сказаў Ханевіч.
„Аміяк-3” і „Аміяк-4” — ключавыя цэхі прадпрыемства. З імі звязаныя „Карбамід-3” і „Карбамід-4”. Калі тых, хто напісаў заявы, звольняць, цэх „Аміяк-3” не зможа працаваць, бо ён патрабуе назірання 24 гадзіны ў суткі.
Як растлумачыў Ханевіч, гатовых спецыялістаў у гэтай сферы вельмі мала — на падрыхтоўку такога спецыяліста сыходзіць паўгода. Усяго на „Гродна Азоце” працуе каля 7.000 чалавек без уліку прадпрыемства „Хімвалакно”, якое ўваходзіць у яго склад. З іх каля паўтары тысячы — зменныя супрацоўнікі. „Гэта людзі, якія зарабляюць грошы. Іх не будзе — цэхі стануць. Іх нельга замяніць, гэта людзі, якія вырабляюць прадукцыю”, — падкрэсліў Ханевіч.
Паводле яго слоў, незалежны прафсаюз спрабаваў адгаварыць рабочых пісаць заявы аб звальненні. „Таму што, хутчэй за ўсё, выйдзе іншы варыянт — адным, самым актыўным, падпішуць заявы аб звальненні, а іншым скажуць: у вас ёсць кантракт, працягвайце працаваць. І гэта заціхне”, — растлумачыў Ханевіч.
Лідар страйкама „Гродна Азоту” Юрый Рававы, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы, растлумачыў, што „азотаўцы” не плануюць экстранна і небяспечна спыняць прадпрыемства. Яны хочуць сваімі дзеяннямі спыніць націск на калег. „Ніякіх пагроз навакольнаму асяроддзю і тэхніцы няма”, — запэўніў ён.
У каментары БелаПАН адзін з супрацоўнікаў завода, які папрасіў не называць яго прозвішча, адзначыў: „Мы жывем у гэтым горадзе, тут жывуць нашы сваякі. Падумайце, ці можам мы рызыкаваць іх бяспекай? Вядома не. Тут працуюць падрыхтаваныя спецыялісты. Гаворка ідзе толькі аб узгодненым спыненні працы завода”.
Юрый Рававы ўпэўнены: калі супрацоўнікі вырашаць пратэставаць, гэта прывядзе да бяспечнага спынення цэха „Аміяк-3” на працягу месяца.
Варта адзначыць, што супрацоўнікі „Гродна Азоту” — найбуйнейшага хімічнага прадпрыемства ў краіне — аднымі з першых заявілі пра жаданне абвясціць забастоўку. Іх патрабаванні — адстаўка Лукашэнкі, новыя выбары, вызваленне палітвязняў і спыненне гвалту. У першыя дні пратэстаў з імі сустракаліся ўлады горада, а пазней — і новы старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік.
Кіраўніцтва не дазволіла работнікам баставаць. Лідар страйкама Юрый Рававы вымушаны быў выехаць у Польшчу ў мэтах бяспекі. Вядома, што некалькі супрацоўнікаў пасля пачатку пратэстаў звольніліся „па пагадненні бакоў”.
Тым часам работнікі „Гродна Азоту” працягваюць прымаць удзел у вулічных акцыях. У пачатку пратэстаў на вуліцы выходзіла блізу тысячы „азотаўцаў”, але кіраўніцтва забараніла ім выносіць працоўную форму з завода.
Спецыялісты тлумачаць, што „Гродна Азот” нельга спыніць адразу з-за складаных тэхналагічных працэсаў — гэта вельмі небяспечна. Аднак гэта можна зрабіць паступова, прыкладна за месяц. Некалькі разоў за апошні месяц абсталяванне ў цэхах „Аміяк-3”, які летам праходзіў штогадовы планавы рамонт, і „Аміяк-4” раптам выходзіла са строю.
belapan.by