Каля 80 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся ў цэнтры Берасця
У Берасці на плошчы Леніна 24 мая каля поўдня ў чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Паводле звестак праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы, нягледзячы на дождж, было 78 чалавек.
Прысутныя абмяркоўвалі накіраванае ў маі паведамленне Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі. У ім Мінпрыроды тлумачыць сваю пазіцыю адносна сітуацыі вакол будаўніцтва акумулятарнага завода і затрымання актывістаў. Мінпрыроды з’яўляецца органам, адказным за выкананне Беларуссю Орхускай канвенцыі.
Як паведамляе грамадскае абʼяднанне «Экадом», якое раней праінфармавала камітэт пра пераслед актывістаў у сувязі з рэалізацыяй імі экалагічных правоў, Мінпрыроды ў прадстаўленай камітэту пазіцыі каментуе тры пытанні: будаўніцтва акумулятарнага завода, удзел грамадскасці, затрыманні актывістаў.
У прыватнасці міністэрства паведаміла, што пытанне будаўніцтва завода знаходзіцца на кантролі кіраўніка дзяржавы і кіраўніцтва зацікаўленых ведамстваў. Пад дзяржаўны кантроль узятае выкананне прадпрыемствам усіх патрабаванняў экалагічнага заканадаўства. На дадзены момант дзейнічае распараджэнне аб прыпыненні будаўніцтва завода. Пры ажыццяўленні прыёмкі ў эксплуатацыю будзе праверанае выкананне ў поўным абʼёме праектных рашэнняў.
Мінпрыроды звярнула ўвагу камітэта на тое, што жыхарам Берасця і Берасцейскага раёна «дадзеныя шырокія магчымасці для выказвання сваёй пазіцыі па пытанні будаўніцтва акумулятарнага завода», а таксама створаныя ўмовы для атрымання, абмену і абмеркавання экалагічна значнай інфармацыі, якімі карыстаюцца актывісты.
У міністэрстве падкрэсліваюць, што з улікам грамадскай цікавасці да будаўніцтва акумулятарнага завода асаблівая ўвага на самым высокім узроўні надаецца сустрэчам з ініцыятыўнымі групамі, жыхарамі рэгіёна, у тым ліку якія выступаюць супраць будаўніцтва гэтага завода, інфармацыйна-растлумачальнай працы. Праведзена больш за 80 мерапрыемстваў з удзелам больш як 3 тыс. чалавек, выканкамы разгледзелі 474 звароты, Мінпрыроды адказала на 602 лісты грамадзян па пытаннях будаўніцтва завода.
На думку міністэрства, «кармленне галубоў» кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці зʼяўляецца «пляцоўкай пратэсту актывістаў, якая парушае палажэнні беларускага заканадаўства, што рэгулюе парадак правядзення масавых мерапрыемстваў». Мінпрыроды заяўляе, што прынятыя ў дачыненні да затрыманых або аштрафаваных актывістаў адміністрацыйныя меры звязаныя не з тымі тэзісамі, якія яны дэкларуюць у частцы будаўніцтва завода, і не з абмежаваннем правоў грамадскасці на доступ да інфармацыі і ўдзелу грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў, а звязаныя толькі з парушэннем імі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Адзначаецца, што «дзейнасць шэрагу актывістаў выходзіць за рамкі экалагічнай і набывае афарбоўку палітычнай і зʼяўляецца дэструктыўнай у адносінах да паступальнага працэсу кансалідацыі намаганняў дзяржаўных органаў і грамадскасці на шляху вырашэння экалагічных праблем».
Як паведаміў БелаПАН адзін з лідараў грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода Дзмітрый Бекалюк, у гэтым лісце Мінпрыроды прадставіла сітуацыю ў выгадным для сябе святле.
«Рэальная карціна іншая. Фактычна на ўсе звароты мы атрымліваем адпіскі. На сустрэчах чыноўнікі ігнаруюць парушэнні, выяўленыя актывістамі пры рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода, – дапоўніў Бекалюк. – Нас вымусілі па нядзелях прыходзіць на плошчу, бо мясцовая ўлада на розных падставах забараняе заяўленыя намі акцыі супраць акумулятарнага завода».
На думку праваабаронцы Рамана Кісляка, затрыманні праціўнікаў завода неправамерныя і груба парушаюць іх грамадзянскія правы. «Людзі павінны мець рэальную магчымасць выказваць сваё меркаванне. Гэта прадугледжана Канстытуцыяй нашай краіны і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікаваныя Беларуссю», – заявіў праваабаронца.
Паводле слоў Бекалюка, у хуткім часе актывісты маюць намер праінфармаваць Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі аб рэальным становішчы спраў з будаўніцтвам акумулятарнага завода і затрыманнем праціўнікаў гэтага прадпрыемства.
Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.50, праціўнікі завода прайшлі па вуліцах Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».
Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» збудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст». Тут плануюць наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта, аднак прадпрыемства, нягледзячы на гэта, плануюць увесці ў эксплуатацыю ў другім квартале.
Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 325 мітынгаў, 18 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг «Брастаўчанкі супраць свінцу», на які прыйшло каля дзвюх тысяч чалавек.
Паводле дадзеных «Экадома», з 2018 года па 18 мая 2020 года агульная сума прызначаных праціўнікам акумулятарнага завода штрафаў склала 44.821,5 рубля, агульная колькасць сутак арышту – 130, было затрымана прыкладна 67 актывістаў.
У маі гэтага года «Экадом» звярнуўся да ўладаў з просьбай спыніць пераслед праціўнікаў акумулятарнага завода. Адпаведны зварот да Мінпрыроды, МУС, УУС Берасцейскага аблвыканкама і старшыні Берасцейскага гарвыканкама размешчаны на сайце арганізацыі.
Фота: b-g.by