Каля Адміністрацыі прэзідэнта прайшоў малебен за Курапаты
Прыблізна 10 чалавек узялі ўдзел у малітве за Курапаты ўвечары 15 красавіка ля Адміністрацыі прэзідэнта на заклік Беларускага нацыянальнага кангрэса (не мае рэгістрацыі ў краіне).
72-гадовая актывістка апазіцыі Ніна Багінская разгарнула бел-чырвона-белы сцяг, на яе спіне быў прымацаваны плакат „Свабоду народу”.
„Нідзе ў хрысціянскім свеце такога не робіцца, што адбылося ў Курапатах. Бальшавікі таксама зносілі крыжы і бурылі цэрквы, чым гэта скончылася? І я лічу, што маліцца можна паўсюль”, — заявіла Багінская.
Акцыя доўжылася прыблізна 40 хвілін. За ёй назіралі сілавікі ў цывільным.
Анархіст Вячаслаў Касінераў паведаміў у „Фэйсбуку” аб затрыманні яго і жонкі на падыходзе да будынка адміністрацыі. Паводле слоў актывіста, у іх забралі пашпарты і заплечнік і пасадзілі ў аўтазак каля Дома афіцэраў. З’явілася таксама інфармацыя аб затрыманні каардынатара кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўгена Афнагеля.
4 красавіка ва ўрочышчы Курапаты паводле рашэння ўлад былі знесеныя і некуды вывезеныя 70 драўляных крыжоў, 13 красавіка — 24 металічныя. Яны былі ўсталяваныя па перыметры ўрочышча.