Каля амбасады Беларусі ў Вільні прайшла акцыя памяці Андрэя Зельцэра (абноўлена)



Акцыя ўшанавання памяці загінулага Андрэя Зельцэра прайшла ля беларускай амбасады ў Вільні. Каля шасці дзясяткаў чалавек сталі ў ланцуг, многія з іх трымалі фота загінулага:

– Чалавек правільна зрабіў, гэтаму трэба класці канец – бяспраўным дзеянням супрацоўнікаў КДБ.

– Прымусіў нарэшце адказаць злачынцам, якія чамусьці падумалі, што яны могуць рабіць на беларускай зямлі штозаўгодна.

– Гэта гора. Загінулі хлопцы, загінуў Андрэй.

– Але для яго такі шлях – смерць – было лепей, чым сядзець у турме ў гэтай паліцэйскай дзяржаве.

Каля плоту Беларускай амбасады запалілі знічкі, а фота Андрэя Зельцэра дадалося да 16-ці партрэтаў людзей, што загінулі падчас праўлення Лукашэнкі. Сярод іх — Віктар Ганчар, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка… Гэтыя фота стаяць ля беларускай амбасады ў Вільні з верасня 2020 года.

***

Віленскія беларусы нясуць кветкі і запальваюць свечкі ля партрэта Андрэя Зельцэра насупраць амбасады Беларусі ў Літве.

Насупраць амбасады ўжо амаль год стаяць партрэты загінулых падчас пратэстаў у Беларусі, ляжаць кветкі. Кожны вечар людзі запальваюць свечкі. Сёння, 29 верасня, да галерэі памяці дадаўся партрэт Андрэя Зельцэра. Трагедыя здарылася ў Менску на вуліцы Якубоўскага, 29. Сілавікі ўварваліся ў кватэру. Андрэй Зельцэр адкрыў па іх агонь з паляўнічай стрэльбы і застрэліў супрацоўніка КДБ, агнём у адказ ён быў забіты.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Вільня.