Каля берагоў Турцыі патануў карабель
7 студзеня ля берагоў турэцкага гораду Самсун патанула гандлёвае судна, у выніку загінула 6 чалавек, 4 з якіх украінцы. Пра гэта ў сваім Twitter паведаміў амбасадар Украіны ў Турцыі Андрэй Сібіга.
Крушэнне карабля было выклікана моцнымі хвалямі. З 13 чалавек экіпажа 11 былі грамадзянамі Украіны. Берагавая ахова аператыўна здзейсніла ратавальныя меры, але 6 чалавек уратаваць не ўдалося.
Астатніх сямёх удзельнікаў экіпажа даставілі ў шпіталі горада Самсун.
Судна перавозіла вугаль. Яно выйшла з порту Расейскай федэрацыі і хадзіла пад сцягам Панамы.
Беларускае Радыё Рацыя
