Каля дома, дзе самаізаляваўся Пятрухін, дзяжурыць міліцыя



У пасёлку Гарадзішча Пінскага раёна каля дома, дзе знаходзіцца на самаізаляцыі берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін, трэція суткі дзяжураць супрацоўнікі міліцыі.

Як паведаміў блогер, 27 красавіка міліцыянеры прад’явілі пастанову на агляд дома Аляксандру Гардзіевічу, які запрасіў Пятрухіна пажыць там.

«Агляд санкцыянаваны пінскім міжраённым пракурорам у рамках праверкі па заявах двух участковых інспектараў міліцыі Пінскага ГАУС, якія просяць прыцягнуць мяне да крымінальнай адказнасці. Па якім артыкуле Крымінальнага кодэкса невядома. На рукі гэты дакумент Гардзіевічу не далі», – сказаў блогер.

Ён адзначыў, што два супрацоўнікі Пінскага ГАУС напісалі на яго заявы пасля размяшчэння ў пачатку гэтага года ў праекце «Народны рэпарцёр» на YouTube роліка «Пінскі спрут 10. Як участковыя вырашаюць кватэрныя пытанні».

Беларускае Радыё Рацыя