Пінчукі прыбралі берагавую лінію Піны і Прыпяці



На Піншчыне неабыякавыя да роднай прыроды грамадзяне самаарганізаваліся праз сацыяльныя сеткі і зладзілі экалагічную акцыю. Каля дзясятка пінчукоў прыбралі берагавую лінію Піны і Прыпяці, у тых месцах, дзе любяць адпачываць мясцовыя жыхары.

На думку ўдзельніка акцыі Максіма Сярэдзіча, павага да навакольнага асяроддзя пачынаецца з сям’і:

– Мы жывем у гэтым горадзе, і я звярнуў увагу, што колькі б адпаведныя службы не прыбіралі б тэрыторыю горада і наваколля, больш чыста не робіцца. Таму чысціня пачынаецца ў першую чаргу з галавы. Яна пачынаецца з сям’і. Калі ў сям’і не заклалі клопат хаця б пра свой свет, дзе ён жыве, то мы ўжо мала чаго можам зрабіць. Можам толькі звярнуць увагу, каб чалавек задумаўся.

Максім Сярэдзіч дадае, што ва ўмовах пандэміі каронавіруса такія акцыі – гэта магчымасць псіхалагічна адпачыць і прынесці карысць роднай прыродзе.

Беларускае Радыё Рацыя