Каля ГЦ „Рыга” ў Менску пасля вулічнага канцэрта затрымалі музыкантаў



У Менску ўвечары 3 лістапада пасля вулічнага канцэрта затрыманыя музыканты — бас-гітарыст соўл-групы Dee Tree Філіп Петчанка і гітарыст фолк-гурту Vuraj Іван Арцімовіч.

Канцэрт музыкаў з розных груп прайшоў у скверы ля гандлёвага цэнтра „Рыга” на вул. Усходняй. Ён быў арганізаваны мясцовай дваровай супольнасцю.

„Прысутных сілавікі не разганялі, усе спакойна разышліся. Дваіх музыкаў забралі, а іх было ўсяго шасцёра. Яны ўжо збіраліся ад’язджаць і неяк замарудзіліся”, — паведаміў БелаПАН сведка.

Тым часам у тэлеграм-канале Беларускага ПЭН-цэнтра паведамляецца, што пасля гэтага канцэрта затрыманыя таксама музыканат Андрэй Аляксеенка (фолк-гурт Irdorath), літаратары Сяргей Мядзведзеў і Аляксандр Белік.

Гэта ўжо не першы выпадак затрымання музыкантаў пасля вулічных выступленняў у парках і дварах. 21 верасня ў сталіцы затрымалі рок-музыкантаў Аляксандра Памідорава (Крывашэева) і Уладзіслава Наважылава (псеўданім Lesley Knife, вакаліст культавага метал-гурту Gods Tower), кожны з іх быў арыштаваны на 8 сутак паводле арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства). Паведамлялася і пра затрыманне менш вядомых выканаўцаў.