Каля Камароўскага рынку правацэнтрысты гаварылі пра выбары
Кіраўнікі партый і арганізацый, якія складаюць правацэнтрысцкую кааліцыю, правялі ў Менску прэсавую канферэнцыю, прысвечаную мясцовым выбарам. Яна адбылася на шматлюднай пляцоўцы каля Камароўскага рынку і прыцягнула ўвагу дзясяткаў мінакоў.
Па словах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, на дадзеным этапе перад правацэнтрыстамі стаіць тры задачы. Першая – гэта збор фактаў і доказаў, што ў Беларусі няма выбарў, а ёсць кампанія без правілаў.
– Мы такіх даказаў сабралі на этапе фармавання ўчастковых выбарчых камісіяў, калі толькі адзін правацэнтрыст увайшоў у камісіі, дзе лічаць галасы. Зараз другі этап. У нас шмат доказаў таго, што не рэгістравалі па палітычных матывах моцных кандыдатаў. Гэта таксама доказ, што няма свабодных, сумленных выбараў. Другая задача, якую мы ставім, гэта прасоўваць пазітыўную альтэрнатыву для людзей. У нас ёсць праграма, у нас ёсць напрацоўкі, у нас ёсць адказ на пытанне: што рабіць? Вельмі важна падчас крызісу размаўляць з людзьмі.
І трэцяя задача гэтай выбарчай кампаніі, – шукаць новыя твары беларускай палітыкі. „У гэтую кампанію пайшло шмат новых актыўных людзей. І ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ад Руху „За свабоду”, ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Наша задача – стварыць умовы, каб пра іх больш ведалі ў грамадстве,” – сказаў Анатоль Лябедзька.
Аб планах і задачах правацэнтрысцкай кааліцыі падчас кампаніі мясцовых выбараў распавёў лідар Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч:
– Як бачна, усё ж такі, нягледзячы на нерэгістрацыі, якія адбываюцца пераважна ў Менску, кандыдатаў у нас на кааліцыю хапае. Яны ёсць і ва ўсіх абласных цэнтрах, і ў буйных гарадах. Таму ў нашых планах у бліжэйшы месяц – супольныя выезды па рэгіянальных гарадах для правядзення пікетаў. Мы як і падчас парламенцкай кампаніі плануем працаваць разам. Гэта аб’ядноўвае нашыя структуры і дэманструе грамадству, што ёсць альтэрнатыва, ёсць годныя людзі, якія вартыя падтрымкі.
Прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі маюць намер інфармаваць сваіх міжнародных партнёраў, перадусім Еўрапейскую народную партыю, пра тое, што адбываецца на розных этапах выбарчай кампаніі. Таксама правацэнтрысты будуць ініцыяваць правядзенне сустрэчаў з рознымі структурамі Еўразвязу, якія зацікаўлены ў дэмакратычных зменах у Беларусі і мусяць выпрацаваць сваю ацэнку мясцовых выбараў, бо, як вядома, міжнародныя місіі назіральнікаў на гэтыя выбары не запрашаюцца, – сказаў Юрась Губарэвіч.
З завяршэннем кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы не павінна скончыцца актыўнасць яе ўдзельнікаў, – такое меркаванне выказаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі:
– Гэтыя мужныя, смелыя, адказныя людзі, якія вылучыліся кандыдатамі, і якія ўдзельнічаюць у кампаніі, на сваім прыкладзе пацвердзілі, што ў Беларусі ўся выбарчая кампанія – гэта фэйк. Пачынаючы ад шэраговых участковых камісій да кіраўніка ЦВК. Наша задача – захаваць працу гэтых людзей на акругах. Гэта вельмі каштоўна. Яны будуць сапраўднымі, рэальнымі народнымі прадстаўнікамі. У нас ёсць планы адразу пасля мясцовай кампаніі цягам тыдня сабраць усіх нашых кандыдатаў – вылучэнцаў.
Асноўная задача, вырашэння якой і яны, і ўсе мы, усё грамадства павінна дабівацца, – гэта змена выбарчага заканадаўства і стварэнне сістэмы, пры якой у Беларусі будуць адбывацца свабодныя і справядлівыя выбары. Без гэтага немагчыма казаць, што ў нашай краіне ўвогуле ёсць дэмакратыя, – лічыць Віталь Рымашэўскі
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара