Каля офіса „Вясны” Дзяніса і Максіма Урбановічаў спынілі міліцыянты
Каля офіса Праваабарончага цэнтру „Вясна” на непрацяглы час былі затрыманы актывісты „Маладога фронту” Дзяніс і Максім Урбановіч. Гэта адбылося каля 12.30 дня 20 студзеня.
Пра затрыманне паведаміў палітык Павел Севярынец. Праваабаронцы ўдакладняюць, што затрыманне адбылося пасля таго, як браты Урбановічы выйшлі з офісу арганізацыі.
Прэс-служба „Маладога фронту” ў сваім тэлеграм-канале паведаміла, што актывістаў у хуткім часе адпусцілі. Цягам 10 хвілін міліцыянты старанна даглядалі хлопцаў і іх рэчы. Прычыны такой зацікаўленасці праваахоўнікаў высвятляюцца.
Нагадаем, што напярэдадні быў затрыманы маладафронтавец Філіп Шаўроў у межах крымінальнай справы за інцыдэнт з помнікам Пушкіна (пафарбаваныя рукі помніка) і графіці „Свабоду Севярынцу”.