Каля СІЗА на Валадарскага трымае галадоўку маці аднаго з асуджаных



Марына Мацулевіч, маці аднаго з асуджаных па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса, праводзіць галадоўку каля СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Марына Мацулевіч, фота з Фэйсбука

Яна паведаміла БелаПАН, што патрабуе сустрэчы з пракурорам і вызвалення яе сына Рамана Кісялевіча з-пад варты.

Паводле слоў маці, сын ужо як год знаходзіцца ў СІЗА. Ён быў асуджаны па частцы 4 артыкула 328 на 14 гадоў пазбаўлення волі. Пазней апеляцыйны суд знізіў гэты тэрмін на адзін год.

Як заяўляе жанчына, паколькі сын выканаў патрабаванні, прадугледжаныя заўвагай да артыкула 328 КК, ён меўся быць вызвалены ад адказнасці.

Згодна з прым. да артыкула 328, падлягаюць вызваленню ад адказнасці асобы, якая добраахвотна выдалі праваахоўным органам наркотыкі, і якія аказалі актыўную дапамогу па выяўленні (спыненні) злачынстваў па незаконным абароце наркотыкаў, выкрыцці асоб, якія яго ажыццяўлялі, а таксама выяўленню маёмасці, атрыманай злачыннымі дзеяннямі.

Аднак, як заяўляе Мацулевіч, „судовыя органы праігнаравалі гэту заўвагу”.

Я безвынікова звярталася ў пракуратуру, цэнтральны апарат Следчага камітэта і нават у КДБ. СК і пракуратура павінны прызнаць свае памылкі, гэта паламаныя лёсы людзей„, — сказала яна.

Маці асуджанага па артыкуле 328 паведаміла, што пачала галадоўку ў суботу, 6 кастрычніка. Пакуль адчувае сябе нармальна. Па словах жанчыны, да яе падыходзілі супрацоўнікі міліцыі, цікавіліся сітуацыяй, прапаноўвалі дапамогу. Яна заявіла, што дамагаецца сустрэчы з пракурорам, і пакуль такая сустрэча не адбудзецца, будзе працягваць галадоўку.

Як паведамлялася, 2 кастрычніка актывісткі ініцыятывы „Матчыны рух 328” перадалі ў Палату прадстаўнікоў калектыўны зварот з просьбай змякчыць Антынаркатычнае заканадаўства. Як паведаміла БелаПАН актывістка ініцыятывы Таццяна Канеўская, яны просяць дэпутатаў „звярнуць пільную ўвагу на прапановы [па лібералізацыі антынаркатычнага заканадаўства], распрацаваныя аргкамітэтам па стварэнні грамадскай арганізацыі „Наша права”.”Нам вельмі хацелася б даведацца, на які канкрэтна дзень прызначаны разгляд пытання па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса. Мы хочам таксама даведацца, якім чынам пасля прыняцця змяненняў закона ён будзе адбівацца на ўжо асуджаных. Наколькі мы разумеем, законапраект будзе прыняты, але да нашых дзяцей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, наўрад ці ён будзе прымяняцца„, — паведаміла яна. Паводле яе слоў, пад зваротам свае электронныя подпісы паставілі каля 500 чалавек.

27 красавіка маці асуджаных па арт. 328 КК абвясцілі бестэрміновую галадоўку, патрабуючы змякчэння пакарання для сваіх дзяцей, асуджаных па гэтым артыкуле. Дзве групы жанчын галадалі ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці і Калінкавічах Гомельскай вобласці. Першапачаткова ў акцыі пратэсту ўдзельнічала 14 чалавек, затым некаторыя сталі выходзіць з галадоўкі па стане здароўя.

11 мая ў Палату прадстаўнікоў паступіў праект закона „Аб змяненні некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь”, які прадугледжвае карэкціроўку пяці „антынаркатычных” артыкулаў КК. Згодна з законапраектам, у новай рэдакцыі арт. 328 зніжаны мінімальныя тэрміны пакарання для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў, а канфіскацыя маёмасці заменена на штраф.

У той жа дзень, калі законапраект паступіў у парламент, актывісткі „Матчынага руху 328” абвясцілі аб спыненні галадоўкі па стане здароўя. Іх ініцыятыву падхапілі паплечніцы з Ліды і Магілёва, і неўзабаве яны спынілі галадоўку.  БелаПАН