Каля траціны журналістаў-эмігрантаў пакінулі прафесію



Каля траціны журналістаў, якія за апошнія тры гады эмігравалі з Беларусі і Расеі, пакінулі прафесію. Пра гэта сведчаць звесткі апытання фонду “Справядлівасць для журналістаў”, якія прыводзіць БАЖ.

Усяго, паводле ацэнак даследчыкаў, Беларусь і РФ пакінулі сотні супрацоўнікаў медыя. Удзельнікі даследавання назвалі тры асноўныя прычыны эміграцыі — прамыя пагрозы жыццю і дабрабыту, персанальныя юрыдычныя рызыкі, а таксама рызыкі для СМІ. Большасць апытаных выехалі ў Грузію, Літву, Польшчу, Германію.

85% рэспандэнтаў заявілі, што пасля рэлакацыі адчуваюць сябе ў поўнай або адноснай бяспецы. Пры гэтым, удакладняецца ў даследаванні, 45% працягваюць сутыкацца з рызыкамі, у асноўным гэта “пагрозы жыццю і дабрабыту, юрыдычныя наступствы для СМІ, кібератакі і сачэнне”. Найбольш гасціннымі краінамі медыя-эмігранты лічаць Польшчу і Літву, дзе яны атрымалі візавую, фінансавую, медыцынскую падтрымку.

Беларускае Радыё Рацыя