Каля Жыткавічаў пачалі рабіць новую пераправу праз Прыпяць



Закрытую часова з прычыны маразоў і паводкі пераправу праз Прыпяць аднаўляюць у новым месцы — вышэй па цячэнні, за два кіламетры ад Турава. Пра гэта паведамілі ў РУП «Гомельаўтадар» — прадпрыемстве, якое адказвае за эксплуатацыю аўтамабільных мастоў і пераправаў.

1 сакавіка людзей перавозілі кацерамі, якія ішлі за ледаколам.

На тэлеканале «Беларусь 1» перадалі, што на паседжанні камісіі па надзвычайных сітуацыях Саўміну абмяркоўвалі ўзвядзенне праз Прыпяць часовага пешаходнага моста з піламатэрыялаў. Але ў «Гомельаўтадар» пакуль ніякіх распараджэнняў не паступала.

Пасля зімовага ледаходу на Прыпяці маюць аднавіць пантонны мост. Ранейшы пантонны мост разарвала шарошам — дробнай масай мёрзлага лёду.

У «Гомельаўтадары» паведамілі таксама, што цяпер завяршаецца экспертыза праекту рэканструкцыі стацыянарнага моста праз Прыпяць. Яго мостабудаўнікі маюць аднавіць да канца 2018 году.