Калядная паштоўка з малюнкам Алега Аблажэя
У маладэчанскай друкарні “Перамога” накладам 500 штук выйшла з друку прыгожая паштоўка “З Калядамі”, якую выпусціў мясцовы краязнавец і літаратуразнавец Міхась Казлоўскі.
У аснову паштоўкі лёг невядомы раней малюнак беларускага мастака Алега Аблажэя (1954-2016), які жыў у Вільні, але родам быў з Дзятлаўшчыны. На малюнку адлюстраваны вожык у валёнках, які ідзе па снезе і нясе ў скрыначцы суніцы. Малюнак даволі арыгінальны і шчыры. Да малюнка паэтка Аксана Спрынчан напісала цудоўныя паэтычныя радкі:
Вожык ідзе па калядных сцяжынках. Сцюдзёна малому, ды светла ў душы. На кожнае голцы – шчасця сняжынка. Вазьмі – і “З Калядамі!” сябру скажы.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя