Калядная ялінка ў Брукліне



8 студзеня ў Саборы БАПЦ імя Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася нядзельная багаслужба з удзелам Уладыкі Святаслава, які ўзнагародзіў рэгента хору сабора Алу Орса-Рамана „граматай за прыкладную і адданую працу на славу Богу, нашай Святой Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы і дабро Вялікага Беларускага Народа”. Падзякаваўшы за ўзнагароду, спадарыня Ала адзначыла, што гэтая грамата – адзнака працы ўсіх удзельнікаў хору Сабора Кірылы Тураўскага.

dsc_562-cv3

dsc_572c-7 Пасля багаслужбы надышоў час каляднай ялінкі – любімага штогадовага свята дзяцей і дарослых беларусаў Нью-Ёрка і ваколіц. У грамадскай зале сабора было весела, прыемна і шумна, дзеткі з асаблівым нецярпеннем чакалі прыходу святога Мікалая з вялікім мехам падарункаў, але ён, аднак, не спяшаўся раздаваць падарункі, а спачатку прасіў дзяцей іх „зарабіць” – праспяваць песеньку, расказаць вершык ці станцаваць. Ад жадаючых не было адбою, усе цягнулі ўверх ручкі, каб паказаць свае таленты і атрымаць прысмакі. Нават самыя нясмелыя адважыліся на публічны выступ. Пасля гэтага Св. Мікалай разам з дзецьмі вадзіў карагоды вакол ялінкі і спяваў песенькі. Весяліліся ад душы і дзеці, і дарослыя, нават разыходзіцца многім не хацелася. Асабліва тым, хто прыходзіць толькі раз у год на „Ялінку”, але ім усім было цікава пабачыцца, пагаварыць, падзівіцца, як падраслі дзеткі за год, пасталелі, чаму новаму навучыліся.

Святлана Казачок

Відэа Віктара Дударава