Калядныя бандэролькі для палітвязняў
Як паведаміла пошта Беларусі, бандэролькі з Бярозы, накіраваныя арыштаваным сябрам Праваабарончага цэнтра “Вясна”, дайшлі да месца прызначэння: СІЗА Менска і Гомеля, кажа сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:
– У гэтых бандэрольках даслалі па сшытку, ручцы, капэрце, каб маглі дасылаць лісты. І невялічкія прысмакі, якія хаця б на хвілінку маглі ўзняць настрой у вязніцы перад святамі: цукеркі, фінікі, печыва, казінакі і іншыя нейкія дробязі.
З сямі праваабаронцаў-палітвязняў пакуль яшчэ не атрымаў навагодняга віншавання толькі кіраўнік цэнтра Алесь Бяляцкі. І ці аддадзены на рукі шэсць ужо атрыманых бандэролек непасрэдна адрасатам, пакуль таксама не вядома.
Беларускае Радыё Рацыя