Калядныя паштоўкі па-беларуску
Набор з васьмі паштовак на Каляды па-беларуску выпусціў гарадзенскі рыма-каталіцкі партал Grodnensis.by. Дызайн паштовак падрыхтавала Валянціна Мікуць. А тэксты ўзяты з вершаў Ларысы Геніюш, Алега Нагорнага, Артура Вольскага, а таксама Сямёна Полацкага. Ідэя выпусціць серыю віншавальных паштовак з’явілася пасля першага ўдалага выпуску на Вялікдзень. Кажа кіраўнік партала ксёндз Юры Жэгарын:
– Першая серыя паштовак называлася “Вялікдзень з беларускай паэзіяй”. Гэта была даволі вялікая серыя, якая складалася з 18 паштовак у выкананні маладых беларускіх дызайнераў. І на гэтых паштоўках змяшчаліся вершы альбо фрагменты з вершаў, якія былі прысвечаныя Вялікадню. Гэтая серыя была вельмі папулярнай, таму ўвесь тыраж разышоўся даволі хутка. Гэта атрымала рэзананс у многіх і не толькі касцёльных, але і свецкіх СМІ.
Прэзентацыя калядных паштовак пройдзе ў Гародні, на вечарыне “Раство з беларускай паэзіяй” 30-га лістапада а 18-ай гадзіне ў залі святога Яна Паўла Другога, па адрасе вуліца Парыжскай Камуны 1, у Вышэйшай духоўнай семінарыі.
У час прэзентацыі мясцовае аддзяленне сувязі будзе праводзіць гашэнне паштовак адмысловым мастацкім штэмпелем. Будзе таксама магчымасць адправіць віншавальныя паштоўкі да сваякоў і блізкіх.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара