Каляднае пасланне архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія



Слухачоў нашага радыё павіншаваў праваслаўны ўладыка, архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. З нагоды прыходу на свет Дзіцяткі Ісуса заклікае да агульнай радасці, бо нарадзіўся для нас Збаўца.

 

Таксама прыгадаў уладыка пра важнасць гэтага свята ў коле сям’і і бліжніх.

– Важна, каб з мітуснёй падрыхтоўкі мы ўбачылі таго, хто стаў чалавекам дзеля нас і нашага збаўлення. Мы жывём у свеце, дзе ёсць шмат супярэчнасцей, але сапраўднае рашэнне гэтых праблем – сямейных, грамадскіх, нават царкоўных – існуе толькі ў Хрысце. Яны вырашаюцца тады, калі краевугольным камнем усяго становіцца Хрыстос.

Пра гэта кажа беларускае іканаграфічнае мастацтва, а менавіта абраз Нараджэння Хрыста. Уладыка напомніў, што вол і асёл у гэтым абразе сімвалізуюць паяднанне паганцаў і жыдоў, якія знайшлі тое яднанне і замірэнне ў Хрысце Ісусе.

– Гісторыя дае нам прыклад таго, як колішняя Рымская імперыя была зменена не шляхам знешніх рэвалюцый, войнаў, рэформаў, а знутры пабожным жыццём хрысціян. Грозны рымскі арол скарыўся перад сімвалам Хрыстовай любові. І гэта яшчэ раз гаворыць нам пра тое, наколькі Бог давярае нам.

„Нямоглае Божае становіцца мацней як моцнае чалавечае.” Вось гэтага моцнага „Божага” пажадаў уладыка ўсім.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Значная частка праваслаўных цэркваў Свята Раства Хрыстовага святкуе паводле юльянскага календара на 13 дзён пазней, чым заходнія цэрквы. У тым ліку Беларуская праваслаўная царква.

У нядзелю, 6 студзеня, у катэдральным праваслаўным Свята-Пакроўскім саборы ўрачыстая святочная служба пачнецца а 17-ай гадзіне з Вялікай павячэрніцы, а прадоўжыцца літургіяй Яна Златавуснага апоўначы, 7-га студзеня. Таксама 7 стузеня пройдзе яшчэ дзве Боскія літургіі: а 7-ай і 10-ай раніцы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня