Каляндарнае лета ў Беларусі пачнецца з пахаладання
Апошнія веснавыя дні ў Беларусі будуць цёплымі, але каляндарнае лета пачнецца з пахаладання, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
„Апошнія майскія дні будуць па-летняму цёплыя, але ў асобных раёнах не абыдзецца без навальнічных дажджоў”, – адзначылі ў Белгідрамеце. У аўторак, 29 мая, чакаецца гарачае, пераважна без ападкаў надвор’е. Уначы і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 10-15 градусаў цяпла, толькі ў асобных раёнах яна панізіцца да плюс 7-9 градусаў, днём чакаецца 23-28 градусаў вышэй за нуль.
У сераду, 30 мая, захаваецца гарачае надвор’е. Уначы будзе пераважна без ападкаў, месцамі – слабы туман, а ўдзень у асобных раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ноччу складзе 12-17 градусаў вышэй за нуль, днём паветра прагрэецца да 24-30 градусаў.
У чацвер, 31 мая, атмасферны фронт абумовіць у асобных раёнах краіны кароткачасовыя навальнічныя дажджы, пачне паступаць больш халоднае паветра з поўначы Еўропы. Тэмпература паветра ўначы складзе 12-18 градусаў вышэй за нуль, па паўночным усходзе чакаецца 8-11 градусаў цяпла, удзень будзе ад плюс 17 градусаў па паўночным усходзе да 28 градусаў па паўднёвым захадзе краіны.
„Каляндарнае лета пачнецца пахаладаннем, але дзякуючы скандынаўскаму антыцыклону дні будуць сонечнымі, а вось ночы халоднымі, у выхадныя дні ёсць верагоднасць начных замаразкаў”, – расказалі ў Белгідрамеце. У пятніцу, 1 чэрвеня, будзе пераважна без ападкаў, толькі днём па крайнім паўднёвым усходзе краіны магчымы кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 3 градусаў па поўначы да плюс 11 градусаў па поўдні Беларусі, па поўначы краіны ў асобных раёнах на глебе чакаюцца слабыя замаразкі да нуля – мінус 2 градусаў, удзень прагназуецца 14-20 градусаў цяпла, толькі па паўднёвым захадзе паветра прагрэецца да 22 градусаў.